Умовы куплі мерных зліткаў каштоўных металаў падраздзяленнямі ААТ «ААБ Беларусбанк»

Купля мерных зліткаў у кліентаў ажыццяўляецца пасля здзяйснення банкам іх экспертызы ў адпаведнасці з патрабаваннямі, устаноўленымі нарматыўнымі прававымі актамі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь і лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі ААТ «ААБ Беларусбанк».

Усе аперацыі па ўзважванні і экспертызе мерных злiткаў ажыццяўляюцца ў прысутнасці кліента.

Да куплі ў кліента прымаюцца мерныя зліткі без бачных пашкоджанняў, драпін, увагнутасцей, якія адпавядаюць стандартам дзяржавы - вытворцы злiткаў у адпаведнасці з даведачнай інфармацыяй Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, размешчанай на афіцыйным сайце www.nbrb.by, і якія маюць сертыфікат завода-вырабляльніка.

Надпісы на мерных злітках павінны быць выразнымі, разборлівымі, не дапускаецца выпраўленне надпісаў, зліццё літар і лічбаў. Адбітак тэксту на штампаваных мерных злітках павінен быць выпуклым, на літых мерных злітках ён можа быць уціснутым.

На вонкавай паверхні мернага злітка літога выканання дапускаецца ўвагнутасць, хвалістасць як следства ўсаджвання пры крышталізацыі металу.

Па выніках агульнай ацэнкі праведзенай экспертызы банкам прымаецца рашэнне аб куплі мернага злітка або вяртанні яго кліенту.

Пры выяўленні адхіленняў пры ўзважванні і замеры габарытных памераў звыш дапушчальных норм мерны злітак лічыцца не прайшоўшым экспертызу, далейшае даследаванне не ажыццяўляецца і мерны злітак вяртаецца кліенту.