Каляндар 2016 "Адлюстраванне"

cover_page

_1

 01

 

У тыя часы панаваў на нашай зямлi магутны Ледавiк. Быў ён уладаром адзiным ды грозным, бо было ў яго ледзяное сэрца ды жудасны холад у вачах. I толькi адно грэла яму сэрца, толькi адно вымушала ўсмiхнуцца… Гэта яго прыгажуня-дачка з чароўнымі блакiтнымі вачамі! Падабаліся дзяўчыне ўпрыгожваннi розныя, але больш за ўсё – каралi! Вось і шукаў iх Ледавiк па ўсёй зямлi і любай дачцы прыносiў… Так i бавiла дзяўчына ля люстэрка цэлыя днi, вырашаючы, якiя ж каралi найпрыгажэйшыя. Час мінаў, пакуль не прыйшло Сонца на нашу зямлю, каб Ледавiка ўлады пазбавiць. I сышоў Ледавiк назаўжды, разам з iм – прыгажуня-дачка…  Але скарб яе – тысячы караляў – тут застаўся. З зайздрасцю паглядзела Сонца на iх, і ад позiрку таго ўсе каралi расталi…  Так з’явiліся ў нас 10 тысяч азёр! Таму і празвалi Беларусь сiнявокай…

 

02

 

Шмат легенд і паданняў схавана ў мурах Мiрскага замка… Але не ўсе яны пра мужных воiнаў ды грозныя часы… Кажуць, раней каля замка квiтнеў прыгожы яблыневы сад. I кожны дзень гуляла ў iм прыгажуня Сонечка – адзiная князева дачка. Вельмi любiла Сонечка свае дрэўцы! Але аднойчы валадар Мікалай Мірскі загадаў знішчыць сад і выкапаць на яго месцы возера. Напоўнiлася яно слёзкамi Сонечкi, ды так i засталося… Але і зараз, гледзячы ў вадзяное адлюстраванне замка, можна ўбачыць сапраўдны цуд…  Павее ветрык, i на азёрным люстэрку заіскрацца срэбраныя хвалькі… Гэта сярод сваіх яблынек танчыць Сонечка, не маючы моцы развiтацца са сваёй любоўю.

 

03

 

Мясцiны гэтыя ў даўнiну былi царствам велiчных дуброў і прасторай для палявання першых князёў. Загадаў адзiн з iх высекчы самую прыгожую дуброву і пабудаваць там паляўнiчы дамок, каб паляваць было весялей і лягчэй. Неўзабаве на сцежцы лясной з’явілася перад iм дзяўчына. Ды такая прыгожая, што прапанаваў князь ёй пакiнуць дуброву і ў замак разам з iм паехаць. Згадзiлася дзяўчына, а ў падарунак папрасiла адзiн жалудок. Здзiвiўся князь, але падышоў  да вялiзнага дуба і толькi крануў галiнку, як сам у дуб ператварыўся… Сотнi гадоў прайшлi. Дзе дуброва была – узнiк  прыгожы палац… А заступнiца Жалудка нiкуды не сыходзiць! Дзiвiцца на прыгажосць куточка зямлi, што зберагла… I нам наказвае мацней за яе каранямi трымацца.

 

04

 

Жыў некалі на Свiцязi малады паляўнiчы. I была ў яго загадкавая каханка, што час ад часу нечакана з’яўлялася ля возера і гэтак жа нечакана знiкала ў гушчары. Як нi намагаўся хлопец, не згаджалася яна адкрыцца… І тады пакляўся ён дзяўчыне ў вечным каханнi, каб разгадаць яе таямнiцу. «Добра, – адказала дзяўчына. – Але, калi парушыш слова, чакае цябе праклён!». Адказала ды зноў знiкла за сцяной дрэў… Пайшоў паляўнiчы ў смутку дадому, як раптам на беразе Свiцязi сустрэў іншую дзяўчыну, незвычайнай красы! Не стрымаўся ён і ўзяў яе за руку…  Узняўся тут шалёны вецер, закiпела Свiцязь чорнай вадой, і ператварылася прыгажуня ў яго каханую… «Бачыш, што слова тваё каштуе, чаго варта тваё каханне?». Наляцела вялiзная хваля і зацягнула абодвух пад ваду. З тых часоў шмат хто бачыў яе ў чароце… Ды нiхто не адважыўся падысцi… Не даравала яна парушаных  клятваў… I нiкому iншаму іх парушыць не дасць.

 

05

 

Легенду гэту i зараз распавядае вецер, што гуляе ў вершалінах тысячагадовых дрэў. Яе можна пачуць у грамавым рыку магутных зуброў і ў казачных птушыных спевах. Зноў ідзе па пушчы Белая Княжна – неверагоднай прыгажосцi дачка магутнага Вiтаўта! Падабаецца ёй усё белае… Зімой апранае белае футра, улетку – белыя сукенкі з каптуром. I нават калi ажанiліся з сынам Ягайлы, везла iх белая карэта з белымi конямi, ды везла па дарозе, высціланай белымі рушнiкамі… Але больш за ўсё любiла яна сваю пушчу. Шмат часу бавiла княжна, аглядаючы з высокай вежы зялёнае мора дрэў… Таму і стала пушча Белавежскай… Таму i загадана нам жыць у велiчы i чысцiнi…

 

06

 

Мала што параўнаецца велiччу i прыгажосцю з радавым гняздом  Сапегаў. Нездарма Ружаны, названыя ў гонар ружы, якая распускаецца, празвалi «Беларускi Версаль»! Па легендзе, пад зямлёй да палаца вёў патаемны ход, па якiм праязджала запрэжаная канямi карэта. А можа па iм  з’язджаліся госцi на казачны баль, дзе прысутнiчаў сам кароль Уладзiслаў IV. Гаспадыня Ружанскага замка ведала, як здзiвiць  высокiх гасцей. Каралю паднеслi вытанчаны вялікі крыштальны келiх – выключную ў тыя часы рэч! Адпіўшы з яго, уражаны Уладзiслаў загадаў схаваць той келiх і выносiць толькi ў суправаджэнні прыдворных у парадным адзеннi, пад гукi музыкі і сто стрэлаў з гармат! Музыка тая і зараз гучыць у каланадзе... Лёгкай хадой ляціць сустракаць гаспадыня палаца караля… I ўсе мы нiбыта запрошаны на той баль, дзе зноў у неверагодным танцы сыдуцца былая велiч i прыгажосць…

 

07

 

Здаўна ведалi беларусы: каханне і растанне заўсёды блізка. А любоў ніколі не згасае… Вось аднойчы ў сядзібе Агiнскiх нарадзiлася мелодыя, што здзiвiла свет адначасова i болем, i неверагодным натхненнем! Міхаіл Клеафас Агінскі, гуляючы па парку, убачыў сваю Iзабэлу. Цудоўную, вытанчаную, узнёслую… Загучалi ў сэрцы шчымлівыя ноткi кахання, далучыўся да iх боль развiтання… I палiлася з сэрца дзівосная музыка! Як прызнанне ў любові да жанчыны і мясціны, дзе гэта святое пачуццё напаткала. Зараз яе ведае ўвесь свет. Бо «Развiтанне з Радзiмай» – гiмн усiх, хто шчыра любіць сваю зямлю… Як абяцанне не пакiдаць яе, захаваць у сэрцы, нават, калi настаў час развiтацца…

 

08

 

Шмат стагоддзяў таму жыў на Беларусi асілак Нёман. Добры быў хлопец і вельмi прыгожы, працаваў не пакладаючы рук. Аднойчы сустрэўся ён з Лошай – легкадумнай ды хiтраватай дзяўчынай. Ды што тут рабiць, закахаўся… Клiкаў Нёман каханую, каб злучыць лёсы свае, але засталася халоднаю Лоша, насустрач не iшла… Не вытрымаў Нёман і  пайшоў прэч – праз лясы, праз паплавы, пакуль не сустрэўся з морам. Прачнулася Лоша – хлопца няма… I пабегла яна наўздагон, прысягнуўшы ў вечным каханнi. Дараваў ёй велiчны Нёман, згадзiўся разам быць назаўжды. Шмат сплыло вады, а Нёман ды Лоша i зараз неразлучныя!  Толькi глядзяць час ад часу ў люстэрка празрыстай плынi сваiх пачуццяў, каб пераканацца ў iх чысцiнi…

 

09

 

Схаваны мiж люстэркамi блакiтных  Браслаўскiх азёр, стаяў тут некалi прыгожы горад. У князя Дзвiна і  яго жонкi Друйкi  была дачка  Дрыва, тварам чысцейшая за азёрны крышталь! Тры маладыя князi спрачалiся за яе руку i сэрца. Згадзiлася яна аддаць сэрца таму, хто iншых пераможа. Грымнуў бой, i з княжычаў застаўся толькi адзiн… Прывiтала яго Дрыва, але кiнуў княжыч свой меч на зямлю ды сышоў, уражаны жорсткасцю дзяўчыны. I кiнулася яна ў возера, не вытрымала болю, ахапiўшага сэрца… Час ад часу і зараз бачаць яе на беразе. Глядзiцца Дрыва ў люстэрка, прыхарошваецца,  княжыча свайго чакае. Бо зразумела, што прыгажосць без кахання не жыве…

 

10

 

З’явiўся аднойчы на нашай зямлi магутны вядзьмак. I не было для яго больш каштоўнага скарбу, чым слёзы добрых людзей… Не было яму большай забавы, як прымусіць плакаць і старога, і малога… Смяяўся вядзьмак з слабых і пакорлівых, радаваўся, хаваючы ў пячорах незлiчонае багацце. Ды вось аднойчы прыйшла да людзей дзiвосная  дзяўчына. Вочы блакiтныя, як наша неба… Валасы залатыя, як наша сонейка… Кашуля зялёная, як наша зямля… I сказала дзяўчына: «За тое, што трывалi пакуты, ператвару я ўсе вашы слёзы ў казачнае багацце!». Колькi часу мiнула, і ўрэшце апынулiся людзi ў таямнiчых пячорах Салiгорска. I як мацi-зямля казала, знайшлі той неверагодны скарб. Цуд, але стаў ён даражэйшым за камяні i золата! Бо соль зямлю сілкуе!

 

11

 

Калi толькi пачынаўся Свет, прыйшла на Беларусь Святая Панна. Здалёк iшла яна, бо шукала дзiвосную зямлю, на якой жылi б працавiтыя людзi, з павагай  да Бога, ветлiвыя і адкрытыя, але цвёрдыя, калi трэба са злом змагацца. Знайшла яна тую зямлю! I каб людзi, якiх яна палюбiла, не забылiся на верныя свае шляхi, пакiнула iм сляды сваёй вандроўкi… З тых часоў па усёй Беларусi можна знайсцi патаемныя следавiкi – валуны вялiзныя з адбiткам слядоў чалавека. Мiнуў час i шмат дарог праклаў лёс праз Беларусь. Адны прайшлi мы з гонарамі годнасцю, а iншыя – толькi яшчэ пачалi будаваць. Але ўжо ведаем, што з iх нiколi не звернем…

 

12

 

Легенда распавядае, што атрымаў Барыс Усяславiч ад свайго бацькi не толькi мужнае сэрца ды нязломны дух,  але і некаторыя чароўныя веды… Аднойчы вяртаўся ён з паходу на яцвягаў і вырашыў у гонар той перамогi закласцi горад… Выйшаў князь на прыгожы ўзлесак, i раптам кiнуўся на яго незвычайны срэбраны воўк.  Дакрануўся князь да пярсцёнка на сваёй руцэ і таксама воўкам абярнуўся… Спынiўся воўк, абярнуўся сокалам са срэбранымi крыламi – тут жа сокалам ператварыўся і князь, стралой паляцеў на ворага, моцна ўдарыў яго крылом… Упала  з нябёсаў прыгажуня-вядзьмарка ў срэбраным убраннi i паабяцала князю, што нiколi на гэтым месцы не пераможа яго анiякi вораг! Злітаваўся князь, падараваў ёй жыццё… І заснаваў на тым  месцы горад Барысаў…  Праўду казала вядзьмарка, не падманула… Горад стаiць, i хоць б’юцца зараз не тым мячом, цяжка  разлiчваць чужынцам на перамогу!