Беларусбанк шосты раз сабраў чатыры сотні неабыякавых на штогадовы патрыятычны пешы марафон «Сцежка памяці і мужнасці», прымеркаваны да Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

У мінулыя выхадныя на тэрыторыі Агратурыстычнага комплексу «Белы лось» дыстанцыю ў 18 кіламетраў пешага марафону пераадольвалі як каманды з ліку работнікаў банка, так і зборныя карпаратыўных кліентаў — усяго каля 40 каманд. Мерапрыемства традыцыйна арганізавана на высокім узроўні, маштабна і насычана інтэрактывамі. Сёлета ўдзельнікаў чакаў сюрпрыз: сапраўдная рэканструкцыя аперацыі «Баграціён» са стрэламі, выбухамі, наступленнямі і захопам ворагаў.

— Сёння, тут, у Лагойскім раёне, нас аб'ядноўвае не проста спартыўны азарт. Нас аб'ядноўвае глыбокая павага да гісторыі нашай роднай зямлі і подзвігу тых, хто падарыў нам мірнае неба, — адзначыў на адкрыцці мерапрыемства намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Дзмітрый Краскоўскі. — Кожны крок па гэтым маршруце — гэта наша жывая падзяка, даніна памяці і сімвал таго, што мы памятаем і ганарымся сваёй гісторыяй.

Кіраўнік падкрэсліў, што ў нашага мерапрыемства ёсць і глыбокі дабрачынны сэнс. Сродкі ад рэгістрацыйных узносаў будуць накіраваны на развіццё ваенна-патрыятычных клубаў унутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь.
Так, у гэтым годзе сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы будзе перададзены дабрачыннаму фонду «Маладая гвардыя».

«Сцежка памяці і мужнасці» — гэта сапраўдная праверка на трываласць, камандны дух і згуртаванасць. Гэты шлях падзялілі з банкам калектывы прадпрыемстваў-партнёраў: БелАЗ, БелАЭС, Мінскэнерга, Белавія, Гродна Азот, Белтэлерадыёкампанія, МТС, калегі з банкаўскай супольнасці (БНБ-Банк, Белінвестбанк), Мінскі завод ігрыстых він, Белмытнясэрвіс, Белэксімгарант, 11-я гарадская клінічная бальніца і іншыя.

Нагадаем, першы падобны марафон прайшоў 8 мая 2021 года і стаў штогадовай традыцыяй. Мерапрыемства праводзіцца ў фармаце марш-кідка з элементамі ваеннай рэканструкцыі. Яго мэта – адчуць нцяжкасці і пазбаўленні, якія адчувала пакаленне воінаў–вызваліцеляў.

Партнёры банка высока ацанілі арганізацыю «Сцежкі памяці і мужнасці».
Выказала ўдзячнасць банку зборная ААТ «Белінвестбанк». Калектыў прымае ўдзел у мерапрыемстве ўжо 4-ы раз.

— Дзякуем за выдатную арганізацыю такога маштабнага мерапрыемства. З задавальненнем прынялі ўдзел, былі прыемна здзіўлены новым фарматам і падыходам да арганізацыі ў гэтым годзе, — расказала ўдзельніца каманды Вольга Трашчанка.
Адзначылі складанасць праходжання працяглай лясной дыстанцыі ўдзельнікі каманды ААТ «Мінскі завод ігрыстых він».

— Нягледзячы на стомленасць і складанасць маршруту, наша каманда з усім справілася і засталася задаволеная. Асабліва спадабалася другая частка з рэканструкцыяй, — падзялілася Алена.

У захапленні ад марш-кідка засталася і каманда страхавой кампаніі «Белэксімгарант». Гэта пацвердзіў Аляксей Міхалькевіч:
— Дэбютны ўдзел стаў для нас не толькі праверкай вынослівасці і каманднага духу, але і важным напамінам пра каштоўнасць гістарычнай спадчыны. Асобнай увагі заслугоўвае аўтэнтычны фармат, дзе фізічная падрыхтоўка спалучаецца з інтэлектуальнымі заданнямі, — падкрэсліў мужчына. — Дзякуем Беларусбанку за цёплую атмасферу і магчымасць стаць часткай вялікага праекта. Жадаем далейшага развіцця марафону, а арганізатарам — новых поспехаў.
Многія каманды асобна вылучалі салдацкую кашу, асабліва смачную і ідэальна ўпісаную ў сцэнарый.
Каманда ААТ «БЕЛАЗ» адзначыла прыемную стомленасць і яркія эмоцыі, а таксама пачуццё гонару за тое, што сталі часткай патрыятычнага праекта.

— Абавязкова прымем удзел зноў, — эмацыянальна падзяліўся ўражаннямі белазавец Раміль Іскандэраў. — Вялікі дзякуй арганізатарам за ініцыятыву. Прыняць удзел у забегу «Сцежка памяці і мужнасці» — стала выдатным рашэннем. Такія мерапрыемствы даюць зразумець, што сапраўдная сіла заключаецца не толькі ў хуткасці і фізічных магчымасцях, але і ў павазе да сваёй гісторыі, памяці пра герояў і гатоўнасці падтрымліваць адзін аднаго.

Беларусбанк плануе і ў далейшым развіваць яркі праект і далучаць да ўдзелу ўсё больш сваіх кліентаў і партнёраў.
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы