Урачыстае ўручэнне школьных аўтобусаў напярэдадні заканчэння навучальнага года стала добрай традыцыяй для каманды Беларусбанка. Напярэдадні летніх канікул і свята Першамая найбуйнейшы банк краіны перадаў спецыяльны транспарт яшчэ шасці сельскім школам, каб яны маглі арганізаваць экскурсіі для дзяцей і настаўнікаў па Беларусі, а таксама забяспечыць падвоз старшакласнікаў на цэнтралізаванае тэсціраванне.
Гэта ўжо чацвёртая перадача мікрааўтобусаў з 2023 года ў рамках сацыяльнага праекта «У школу з Беларусбанкам». Усяго па краіне будуць калясіць 24 жоўтыя аўтобусы і нагадваць дзецям і бацькам аб тым, што Беларусбанк побач не толькі ў плане даступнасці фінансавых паслуг, але і дзякуючы значным сацыяльным ініцыятывам.

Як і раней, яркія МАЗы, абсталяваныя ўсім неабходным для бяспечнага праезду навучэнцаў, атрымалі шэсць устаноў адукацыі, па адным у кожнай вобласці. У ліку шчасліўчыкаў — сярэдняя школа в. Новыя Лышчыцы (Брэсцкая вобласць), сярэдняя школа № 1 г.Сянно імя З.І. Азгура (Віцебская вобласць), Уваравіцкая сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна(Гомельская вобласць), Парэцкая сярэдняя школа (Гродзенская вобласць), Мсціжская сярэдняя школа Барысаўскага раёна (Мінская вобласць), Хонаўская сярэдняя школа (Магілёўская вобласць).

— Нагадаю, гэты праект, які стартаваў у 2023 годзе, стаў адказам на ініцыятыву Кіраўніка дзяржавы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскіх школ. Разам з нашымі партнёрамі — Міністэрствам адукацыі і Мінскім аўтамабільным заводам — мы робім усё, каб кожнае дзіця ў краіне дабіралася ў школу камфортна і з задавальненнем атрымлівала новыя веды,
— нагадаў перадгісторыю праекта старшыня праўлення банка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар Ананіч. — Дзякуючы праекту «У школу з Беларусбанкам» цяпер ужо 24 аўтобусы вытворчасці МАЗ будуць падвозіць дзяцей з сельскай мясцовасці на ўрокі, алімпіяды, экскурсіі, дапамагаючы ім расці годнымі грамадзянамі нашай краіны. Ганаруся, што тры з васьмі сацыяльных праектаў банка накіраваны на сферу адукацыі. Бо менавіта яна фарміруе будучыню нашай краіны, закладвае фундамент прафесійных поспехаў, якімі Беларусь будзе ганарыцца заўтра.
Няхай гэтыя аўтобусы стануць выдатным падарункам установам адукацыі і стымулам да новых дасягненняў для педагогаў і вучняў, — падсумаваў кіраўнік.


— Сёння прынцыпова важна, каб ва ўсіх дзяцей былі роўныя ўмовы для атрымання адукацыі, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Уладзімір Далжанкоў. — Не мае значэння, дзе знаходзіцца школа: у сталіцы ці ў невялікай вёсцы. Дзіця павінна своечасова і ў камфортных умовах патрапіць на заняткі. І такія ініцыятывы дазваляюць гэту задачу вырашаць сістэмна.

Тэхніка, якая адправілася ў рэгіёны, вынік супрацоўніцтва з ААТ «МАЗ». І тут гаворка не проста аб вытворчасці, а аб сумеснай сацыяльнай місіі.

За знешняй яркасцю новых аўтобусаў — сур’ёзная інжынерная праца. Тут прадумана ўсё да дробязей: ад зручнай пасадкі да сістэм бяспекі, якія спрацоўваюць аўтаматычна.
— Мы выдатна разумеем, што перавозім самае дарагое — дзяцей, — акцэнтаваў увагу дырэктар ААТ «Брэстмаш» Іван Ганчыц. — Таму патрабаванні да такой тэхнікі асаблівыя. Гэта і чатырохкропкавыя рамяні бяспекі, і сістэмы, якія блакіруюць рух пры адкрыцці дзвярэй. Любая пазаштатная сітуацыя адразу фіксуецца. Тут няма дробязей — кожная дэталь важная.

Але больш за ўсё планаў, уражанняў і надзей на падарунак ад Беларусбанка ў кіраўнікоў устаноў адукацыі, а таксама вадзіцеляў аўтобусаў.
Ірына Сырамалотава, дырэктар Хонаўскай сярэдняй школы, гаворыць, што ў іх выпадку сюрпрызу парадуюцца не толькі школьнікі. Аўтобус у тым ліку будзе дастаўляць дзетак з асаблівасцямі ў Магілёўскі абласны ЦКРНіР:
— Гэта велізарная дапамога бацькам, у якіх не заўсёды ёсць магчымасць вазіць дзіця за сорак кіламетраў у Магілёў.
— Школьны аўтобус выкарыстоўваем не толькі для штодзённай перавозкі, але і для паездак на раённыя, абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы — бацькам не трэба траціць грошы на білеты. Таксама шмат увагі ўдзяляем пашырэнню кругагляду навучэнцаў: кожны месяц арганізуем паездкі самых розных напрамкаў. Напрыклад, нядаўна школьнікі ездзілі ў Ульскі дзяржаўны каледж на прафарыентацыйную экскурсію. На Дзень Перамогі ўжо на новым аўтобусе дзеці адправяцца да мемарыяла «Лінія Сталіна».
Аўтобус — не проста падарунак, гэта сапраўднае свята для 43 дзяцей і іх бацькоў, таксама падкрэслівае Жанна Швядко, дырэктар Парэцкай сярэдняй школы:
— Бяспечны шлях да школы — гэта добры настрой раніцай, гэта засяроджанасць на ўроках, гэта магчымасць удзельнічаць у мерапрыемствах і быць часткай вялікай школьнай сям’і. Новы аўтобус дазволіць вазіць дзяцей на экскурсіі, удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах і алімпіядах у раёне і вобласці, наведваць прафарыентацыйныя мерапрыемствы на прадпрыемствах. Для дзіцяці новы, прыгожы і сучасны аўтобус — гэта яшчэ і прадмет гонару. Гэта дае нашым дзецям адчуванне таго, што пра іх клапоцяцца не менш, чым пра гарадскіх дзяцей, што кожнае дзіця, кожны навучэнец важны для сваёй краіны і такой буйной арганізацыі, як Беларусбанк.

Вадзіцель Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Буда-Кашалёўскага раёна Васілій Кавалёў ацэньвае мікрааўтобус з прафесійнага пункту гледжання. Ён за рулём ужо 40 гадоў, з іх шэсць — развозіць школьнікаў і выхаванцаў дзіцячага садка.
— Дзеці для мяне як родныя, на сваёй змене ўсіх па імёнах ведаю. Радуюся, што ім будзе камфортна ездзіць. У новых мікрааўтобусах ёсць усё — ад зручных крэслаў з адкіднымі падлакотнікамі да кандыцыянера, відэарэгістратара і камеры ў салоне. Ні шуму, ні вібрацыі — плаўны, камфортны рух. Узімку будзе цёпла, у спякотныя дні — халаднавата. Сядзенні — сертыфікаваныя, з 4-кропкавым мацаваннем, дзеці фіксуюцца, як у гоначных балідах. Звярніце ўвагу: дзверы адчыняюцца — загараецца маячок, рухавік адразу глухне, тэхніка спыняецца. Ідэальна!




Нагадаем, банк рэалізуе 8 сацыяльных праектаў. Тры з іх накіраваны на падтрымку сферы адукацыі: «Мост у будучыню» (умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі), «Шлях да прафесіі з Беларусбанкам» (падтрымка ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі), «У школу з Беларусбанкам» (набыццё школьных аўтобусаў).
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы