Беларусам працягваюць паступаць тэлефанаванні ад махляроў, якія выдаюць сябе за супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Зламыснікі пастаянна ўдасканальваюць і ўскладняюць схемы, лядзяць цэлыя злачынныя спектаклі ў трох актах, прымяраюць розныя ролі і ўводзяць мноства дзеючых асоб. У цэнтры кібербяспекі Беларусбанка расказалі, як гэта адбываецца і што прадпрымаць для супрацьдзеяння.

Акт першы: падрыхтоўка глебы
Спачатку грамадзянам тэлефануюць нібыта работнікі пошты, водаканала, энергазбыту або паліклінікі і пад рознымі падставамі просяць назваць код з SMS. Часам гэта проста бяскрыўдныя лічбы, а часам сапраўдныя і важныя коды з розных банкаў краіны або іншых электронных сэрвісаў.

Акт другі: запалохванне
Праз некаторы час паступае званок ужо ад «супрацоўніка» праваахоўных органаў, які запэўнівае, што тыя, хто тэлефанаваў раней, — махляры, якім цяпер вядомы крытычна важны «код бяспекі». Пачынаецца этап нагнятання сітуацыі і запалохвання. Напрыклад, людзям гавораць, што прама зараз іх грошы крадуць ці афармляюць буйны крэдыт на іх імя. Яшчэ адзін варыянт легенды — пагроза крымінальнага праследавання з-за нібыта меўшага месца выкарыстання невядомымі злачынцамі рахункаў грамадзян для пераводу сродкаў экстрэмісцкім і тэрарыстычным арганізацыям або ў недружалюбныя краіны.
На ахвяр аказваецца масіраваны псіхалагічны ціск: іх пастаянна прыспешваюць у прыняцці рашэнняў і забараняюць расказваць пра тое, што адбываецца, нават блізкім, спасылаючыся на крымінальную адказнасць за разгалашэнне «тайны следства». Пераканаўшы ў небяспецы, махляры дыктуюць людзям тэкст распіскі аб «супрацоўніцтве», а затым просяць «задэклараваць» наяўныя грошы або пагадзіцца накіраваць іх на «бяспечны рахунак», каб нібыта выратаваць сродкі і не дапусціць іх канфіскацыі пры вобыску.

Акт трэці: крадзеж
У рэшце рэшт такім чынам ахвяру вымушаюць развітацца з грашамі адным з прапанаваных спосабаў: перавесці на названы зламыснікамі рахунак, пакласці на карту, нават проста перадаць іх трэцяй асобе — па факце звычайнаму «кур’еру». Часам махляры могуць накіраваць грамадзян у банк для афармлення крэдыту, тлумачачы, што гэта неабходна, каб паймаць нейкіх недобрасумленных супрацоўнікаў у рамках правядзення «спецаперацыі».
Не дайце адбыцца злачыннаму спектаклю
Як зразумець, што тэлефануюць зламыснікі, якія жадаюць украсць вашы сродкі? Вось якія прыкметы гавораць аб гэтым з верагоднасцю 100%:
- званок паступае па мэсэнджару або з замежнага нумара;
- для пацвярджэння сваёй асобы «супрацоўнік» прапануе зрабіць відэазванок або даслаць вам фатаграфіі пасведчання;
- на вас аказваюць маральны ціск, напрыклад, прыспешваюць, палохаюць крымінальнай адказнасцю за раскрыццё «тайны следства» ці іншыя дзеянні;
- у вас выманьваюць рэквізіты карты або прымушаюць здзейсніць перавод на пэўны рахунак, прапануюць «задэклараваць» грашовыя сродкі;
- вас просяць устанавіць іншыя дадаткі на смартфон.
У выпадку ўзнікнення падобнай сітуацыі спыніце размову і неадкладна звярніцеся ў праваахоўныя органы па тэлефоне 102 або ў Кантакт-цэнтр Беларусбанка на нумар 147.
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы
Падпісвайцеся на акаўнты Беларусбанка ў Telegram і Instagram — першымі даведвайцеся пра падзеі найбуйнейшага банка краіны і галоўныя тэндэнцыі свету фінансаў.