Як стварыць бізнес-план

1 Складаем рэзюмэ

Рэзюмэ бізнес-плана — гэта яго кароткі змест. Звычайна аб’ём рэзюмэ не перавышае 2-х старонак. Інвестары і крэдыторы часта засяроджваюць сваю ўвагу менавіта на ім, таму там варта выкласць самыя важныя і ключавыя аспекты вашага бізнес-плана.

Таксама ў ім трэба апісаць усе сферы і напрамкі дзейнасці кампаніі. Па кожнай з сфер неабходна паставіць мэты, да якіх ваша кампанія будзе імкнуцца. Да прыкладу, такой мэтай можа быць рост чыстага даходу фірмы або выхад на новыя рынкі, тэрміны вяртання крэдытных сродкаў. Тут абавязкова прапісаць канкрэтныя лічбы і даты.

Нягледзячы на тое, што рэзюмэ бізнес-плана заўсёды знаходзіцца ў пачатку, складаць яго лепш ужо ў канцы напісання дакумента.

2 Апісваем кампанію

У раздзеле «Апісанне кампаніі» неабходна пазначыць скарочаную і разгорнутую назву вашай кампаніі, дату рэгістрацыі, апісаць яе асноўную дзейнасць, абазначыць форму ўласнасці, арганізацыйна-прававую форму, падпарадкаванасць. Калі частка долі належыць дзяржаве, гэта таксама трэба пазначыць.

У гэтым раздзеле звычайна прапісваецца геаграфія дзейнасці і апісваецца стадыя, на якой знаходзіцца кампанія.

3 Апісваем прадукт

У раздзеле «Апісанне прадукта» трэба дакладна, ясна і зразумела апісаць прадукт ці паслугу, якую вы збіраецеся прадаваць/вырабляць. Для таго каб гэта зрабіць, пастарайцеся расказаць аб тым, якія патрэбы вашых кліентаў задаволіць прадукт, які эфект будзе ад яго, чым ён адрозніваецца ад такой жа прадукцыі канкурэнтаў, якую выгаду атрымае пакунік.

Тут жа трэба выкласць асноўныя якасці тавару, які вы будзеце прадаваць: яго знешні выгляд, распісаць упакоўку, прыкладны кошт і г.д.

4 Аналізуем становішча спраў у галіне

«Аналіз рынку» — вельмі важны раздзел бізнес-плана кампаніі, часта яго адсутнасць цягне поўны крах бізнесу. З дапамогай аналізу рынку можна вызначыць яго ёмістасць, партрэт спажыўцоў, а затым падлічыць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі, а таксама ўсе неабходныя для гэтага рэсурсы. У гэтым раздзеле рэкамендуем дакладна апісаць:

  • аб’ём і памер рынку
  • накіраванасць змяненняў рынку
  • спецыфічныя асаблівасці рынку
  • агульны аб’ём продажу за год
  • сезоннасць рынку
  • асноўныя канкурэнты і іх доля на рынку

Аналізаваць, як працуюць канкурэнты, якія метады прасоўвання выкарыстоўваюць, трэба пастаянна, каб рабіць акцэнт на тым, што ў вас выходзіць лепш за ўсё і пры гэтым нівеліраваць свае слабыя бакі.

5 Робім вытворчы план

Тут неабходна апісаць вытворчы працэс вашай кампаніі, таму калі вы не збіраецеся вырабляць тавары і паслугі, то раздзел «Вытворчы план» вам не спатрэбіцца.

Каб апісаць свой вытворчы працэс, пастарайцеся адказаць на наступныя пытанні:

  • прадпрыемства, на якім будзе вырабляцца прадукцыя, новае ці ўжо працавала раней?
  • дзе, за якую цану і на якіх умовах будзе закупацца сыравіна для вытворчасці?
  • якім абсталяваннем валодае ваша кампанія?
  • ці будзе ваша кампанія з кім-небудзь кааперыравацца, на якіх умовах?
  • як будзе кантралявацца якасць прадукцыі?

6 Пішам арганізацыйны план

У раздзеле «Арганізацыйны план» трэба абгрунтаваць выбар арганізацыйна-прававой формы вашай кампаніі (ТАА, ААТ, ЗАТ). Таксама аналізуецца кадравы патэнцыял і прапісваецца, якіх спецыялістаў неабходна прыцягнуць і колькі кампанія плануе траціць на зарплату супрацоўнікаў. Тут жа трэба зрабіць спіс асноўных партнёраў вашай кампаніі: пакупнікі, падрадчыкі, пастаўшчыкі і г.д.

7 Складаем фінансавы план

Ад раздзела «Фінансавы план» залежыць жыццядзейнасць вашай кампаніі і вашага праекта ў цэлым. Ён павінен уключаць наступныя пункты:

  • асноўныя крыніцы фінансавання
  • прагноз аб’ёмаў продажу
  • аналіз расходаў і грашовых паступленняў
  • актывы і пасівы кампаніі
  • чысты прыбытак
  • парог рэнтабельнасці
  • тэрміны выхаду на самаакупнасць
  • тэрміны вяртання крэдытаў

Няўдалыя рашэнні ў галіне фінансаў могуць пацягнуць для кампаніі сумныя вынікі, таму як вядзенне, так і напісанне гэтага раздзела варта даручыць профільнаму спецыялісту.

8 Пішам маркетынгавую стратэгію

Маркетынгавая стратэгія павінна садзейнічаць прыцягненню кліентаў. Яе змест напрамую залежыць ад мэт вашага бізнесу. Напрыклад, вы плануеце выхад на новыя рынкі, менавіта на гэтай мэце і павінна будавацца маркетынгавая стратэгія.

Яна павінна складацца з пэўных пунктаў:

  • цэнаўтварэнне. Тут вам трэба вызначыцца, як будзе фарміравацца цана на ваш тавар, на колькі ў выпадку неабходнасці вы зможаце яе паменшыць і які прыбытак вы плануеце атрымаць
  • метады распаўсюджвання тавару
  • характарыстыка мэтавай аўдыторыі, вызначэнне яе плацежаздольнасці
  • перавагі сярод канкурэнтаў
  • тактыка рэкламіравання прадукцыі
  • метады фарміравання рэпутацыі

9 Ацэньваем рызыку

Працаваць і пастаянна чакаць негатыўнага ўплыву розных фактараў на ваш бізнес не варта, але быць да іх гатовым трэба. Таму на этапе складання бізнес-плана трэба ацаніць усе магчымыя рызыкі. Яны могуць быць фінансавымі, сацыяльнымі, галіновымі, палітычнымі, маркетынгавымі, рыначнымі і г.д. Кожную з гэтых рызык трэба добра прааналізаваць і ўстанавіць спецыяльныя індыкатары, якія будуць паведамляць, што сітуацыя пачынае выходзіць з-пад вашага кантролю.

Паколькі са змяненнем сітуацыі на рынку мяняюцца і рызыкі, іх трэба перыядычна пераглядаць і мяняць індыкатары.

10 Робім змест бізнес-плана

У змест варта ўключыць усе раздзелы вашага бізнес-плана разам з адпаведнымі старонкамі.

11 Складаем тытульны ліст

Тытульны ліст бізнес-плана падпісваецца кіраўніком кампаніі. Вось што ён павінен утрымліваць:

  • назву і адрас кампаніі
  • П. І. І., адрасы і тэлефоны заснавальнікаў, таксама трэба пазначыць долю кожнага ў статутным капітале
  • П. І. І. кіраўніка кампаніі
  • сутнасць вашага праекта (некалькі радкоў)
  • тэрмін акупнасці праекта
  • кантактныя даныя
  • П. І. І. аўтара бізнес-плана