Дзень беларускага пісьменства ў Іванава. Беларусбанк заўсёды побач

У мінулыя выхадныя - 1 і 2-га верасня ў горадзе Іванава адбыўся XXV юбілейны Дзень беларускага пісьменства. У гэтым годзе галоўнай тэмай стала «Мая малая радзіма». У рамках фестывалю кнігі і прэсы праведзены шэраг знакавых мерапрыемстваў, сярод якіх: выданне кнігі «Помнікі Іванаўшчыны расказваюць ...», адкрыццё ў райцэнтры першага кніжнага салона ад ААТ «Белкніга», гашэнне памятнага канверта РУППС «Белпошта».

У гонар свята ў Іванава, як і ў іншых гарадах, дзе праходзіў Дзень беларускага пісьменства, усталяваны памятны знак. Так, у Полацку быў усталяваны памятны знак «Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці», у Ганцавічах - «Літаратурны гонар Ганцаўшчыны» і г.д. У Іванава гэта сонечны гадзіннік, паколькі адлік часу залежыць менавіта ад Сонца, а цэнтральным элементам памятнага знака стала пяро - сімвал рукапісаў, ад якіх бяруць пачатак друкаваныя тэксты.

Шмат гадоў нязменнай часткай Дня беларускага пісьменства з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святыняў», якая праводзіцца па благаславенні Беларускай праваслаўнай царквы. 1 верасня яе ўдзельнікі прыбылі ў Іванава з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга. 2 верасня па традыцыі яны высадзілі Сад Малітвы на тэрыторыі беларускамоўнай СШ №4 у райцэнтры. Прывітальны адрас ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі агучыў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.

Па ўсім горадзе працавала больш за 20 пляцовак, на якіх праведзена каля 80 мерапрыемстваў. Сярод такіх мерапрыемстваў Міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў у в.Варацэвічы ў музеі Н.Орды, літаратурна-мастацкія дзеянні «Бачу Беларусь такой ...» і «Малой радзіме пакланюся!», Фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытачоў «Жывая класіка» і іншыя займальныя мерапрыемствы. Прызнацца, непрытоенае захапленне выклікала знаходка кірмашу - кніга «Гiсторыя. Банкауская справа Беларусi», якая перамагла ў намінацыі «У люстэрку часу» на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі».

Фестываль кнігі і прэсы ў Іванаўскім краі прымаў ганаровых гасцей блізкага і далёкага замежжа: кіраўнікоў дзяржаўных органаў, дыпламатаў, навукоўцаў і пісьменнікаў... Віншаванне Прэзідэнта ўдзельнікам і гасцям урачыстасцей Дня беларускага пісьменства зачытаў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Адной з запатрабаваных пляцовак у горадзе быў стэнд Беларусбанка, які арганізавалі работнікі ЦБП №112 горада Іванава. Прадстаўнікі банка аказвалі кансультацыйную падтрымку жыхарам і гасцям горада, падключалі ўдзельнікаў мерапрыемства да сэрвісаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, прадавалі памятныя манеты. Сярод юных гараджан і гасцей праведзены віктарыны па асновах фінансавай граматнасці. За актыўны ўдзел дзеці былі заахвочаны азбукай фінансавай граматнасці ад Беларусбанка вядомага дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага «Грошык i таямiнчы Кошык».

den_pismennosti_ivanovo3

den_pismennosti_ivanovo

den_pismennosti_ivanovo8 den_pismennosti_ivanovo6

den_pismennosti_ivanovo4

den_pismennosti_ivanovo2

den_pismennosti_ivanovo7

У завяршэнне святкавання эстафета на права правядзення Дня беларускага пісьменства перададзена гораду Слоніму Гродзенскай вобласці - старажытнаму гораду, багатаму гістарычнымі падзеямі і культурнымі традыцыямі.