Мабыць кожны памятае, моманты дзяцінства, калі, размясціўшыся ўтульна з падручнікам на канапе, чуў строгую маміну заўвагу: «Сядзь за стол, як можна чтосьці вывучыць лежачы». А вось у Брэсце ёсць школа, дзе зусім паўсядзённа гучыць фраза педагога: «Цяпер кладзёмся і разгортваем падручнікі на старонцы 92». Менавіта так арганізаваны навучальны працэс у Брэсцкай санаторнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннямі асанкі, дзе спецыялістамі філіяла №100-Брэсцкага абласнога ўпраўлення быў арганізаваны ўрок у рамках акцыі па павышэнні фінансавай граматнасці дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых інтэрнатных установах, а якая з’явілася часткай маштабнага плана мерапрыемстваў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па павышэнні фінансавай граматнасці насельніцтва.
Спачатку дзеці сабраліся ў актавай зале, дзе ім было прапанавана запоўніць анкеты, па адной на дваіх. Мэта - зразумець, наколькі школьнікі арыентуюцца ў сферы фінансаў, і на што варта асабліва звярнуць увагу. Вынікі аказаліся абнадзейлівымі. З 30 анкет у 21 правільныя адказы складалі ад 60% і вышэй. Праўда, адказаць правільна на ўсе 10 пытанняў не змог ні адзін з удзельнікаў імправізаванай праверкі. Не абыйшлося і без кур’ёзаў. Так, на пытанне, які ўклад называецца тэрміновым, амаль усе адказалі: «Той, які хутка афармляецца!».
У сувязі з гэтым асаблівая ўвага на ўроку была нададзена інструментам зберажэнняў (уклады, аблігацыі, ашчадныя сертыфікаты).
Дзіцячая аўдыторыя аказалася вельмі адкрытай і дапытлівай. Рабяты ўважліва слухалі, жыва рэагавалі на пытанні, імкнуліся разам з менеджарамі банка вызначыць правільны алгарытм размеркавання асабістага бюджэту. З вялікім натхненнем падлеткі сустрэлі інфармацыю аб тым, што могуць ужо ў такім юным ўзросце стаць уладальнікамі плацежнай карткі. Але рэмарка спецыяліста банка аб тым, што ўсе расходныя аперацыі будуць вядомы бацькам, крыху стрымала запал, а ў некаторых «фінансавых актывістаў» выклікала нават расчараванне.
Калі план урока быў выкананы, усе пытанні асветлены, а прызы раздадзены, настаўнікі і іх выхаванцы прапанавалі менеджарам паглядзець вучэбныя кабінеты. З гонарам паказвалі яны сваю ўтульную і прыгожую школу, расказвалі пра ўмовы жыцця і вучобы.
Класныя пакоі мала адрозніваюцца ад традыцыйных: звыклая дошка, яркія стэнды на сценах. Вось толькі частка мэблі выглядае не зусім звычайна. Жыццярадасныя дзяўчаты ахвотна прадэманстравалі, як можна вучыцца лежачы, і запэўнілі, што гэта ніколькі не ўплывае на навучальны працэс і добрых вынікаў можна дасягнуць і за партай, і на парце, было б жаданне.