Вопыт сацыяльна адказных кампаній абмеркавалі на Форуме адказнага бізнесу, які прайшоў напярэдадні ў сталіцы. Арганізатар форуму – Сетка Глабальнага Дагавору ААН у Беларусі, генеральным партнёрам мерапрыемства ў 5-ы раз выступае Беларусбанк. У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, бізнесу, банкаўскага і фінансавага сектараў, а таксама некамерцыйных арганізацый, эксперты з Расіі і Азербайджана – усяго больш за 150 чалавек.
Нагадаем, у 2017 годзе Беларусбанк далучыўся да Сеткі Глабальнага Дагавору ААН і пачаў уносіць свой уклад у рэалізацыю 17 мэт устойлівага развіцця.
На іх рэалізацыю накіравана і Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця (НСУР) Беларусі да 2040 года, якая знаходзіцца зараз у распрацоўцы.
Падчас пленарнага пасяджэння першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун адзначыў, што НСУР, якая адкрывае цыкл прагназавання на 15 гадоў, ужо ў фінальнай стадыі распрацоўкі і прыняцця.
— У дакумент унесены пэўныя змяненні, але, тым не менш, вывучыўшы яго, можна ўбачыць, што дзяржава захоўвае прыхільнасць да мэт устойлівага развіцця. У НСУР сфарміраваны прыярытэты сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, — расказаў ён. — Напрыклад, экалогія. Важнасць у тым, што праз 15 гадоў мы павінны захаваць тую прыроду, якая ў нас ёсць, таму ставяцца пэўныя індыкатары, у прыватнасці, скараціць колькасць выкідаў у навакольнае асяроддзе, павялічыць перапрацоўку смецця і не толькі.
Па словах першага намесніка міністра эканомікі, пры фарміраванні вобраза будучыні краіны на найбліжэйшыя 15 гадоў, у аснову ставяцца чалавек і яго патэнцыял:
— Мы будуем інтэлектуальную і экалагічна адказную краіну, дзе чалавек — галоўная каштоўнасць. А эканоміка з развітай тэхналагічнай і лічбавай індустрыяй, канкурэнтным бізнес-асяроддзем і ўстойлівымі рэгіёнамі стане базісам для самарэалізацыі кожнага грамадзяніна.
Андрэй Картун расказаў, што для бізнесу распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, як укараняць у вытворчасць тыя ці іншыя элементы ўстойлівага развіцця:
— Мы гавормым аб тым, што для бізнес-супольнасці гэта вельмі важна. Важна захоўваць мікраклімат у калектыве, развіваць прафесійныя кампетэнцыі сваіх супрацоўнікаў, укладваць у іх адукацыю і не толькі. Устойлівае прадпрыемства – устойлівая эканоміка. Гэта раўназначныя тэзісы, –падсумаваў ён.
На пытанне, навошта кампаніям клапаціцца пра ўстойлівае развіццё, калі ёсць больш надзённыя пытанні, адказаў намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Дзмітрый Краскоўскі:
— Верагодна, кожны хоць раз у жыцці задаваўся пытаннем: «Хто, калі не я?» Задаў калісьці гэта пытанне сабе і Беларусбанк, найбуйнейшая фінансавая ўстанова з вялізнымі рэсурсамі: «Хто, калі не мы, будзем лідарам у гэтай сферы, пачнём прасоўваць сацыяльна адказны бізнес?»
Гаворачы пра рэсурсы, кіраўнік падкрэсліў, што мае на ўвазе ў першую чаргу калектыў:
— Сёння ў холдынгу працуе больш за 12 тысяч чалавек, таксама мы працягваем клапаціцца пра 7 тысяч нашых ветэранаў, супрацоўнічаем з тысячамі кліентаў і партнёраў, якім сваім прыкладам можам паказаць пэўную мадэль паводзін.
Стратэгія ўстойлівага развіцця з’яўляецца часткай палітыкі Беларусбанка. Дзмітрый Краскоўскі на прыкладзе аднаго з найважнейшых праектаў расказаў пра ўклад банка ў агульную справу:
– Ведаючы праблему сіроцтва і тое, што дзеці не заўсёды сацыялізуюцца ў інтэрнатах, у 2008 годзе мы прынялі рашэнне аб будаўніцтве катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. У іх у сапраўднай, хай і не біялагічнай сям’і, дзеці вырастаюць зусім іншымі. 17-ы такі дом пабудавалі і перадалі ў 2022 годзе. Кожную сям’ю працягваем суправаджаць і сёння, прадстаўляем дапамогу да 1 верасня і Новага года, ладзім для дзяцей святы. Сёлета нашы дзеці, як мы іх называем, пабывалі на знакавым футбольным матчы, дзе вывелі на поле футбалістаў Беларусі і Расіі і выканалі з імі гімны. Упэўнены, гэта падзея будзе адным з самых яскравых успамінаў у іх жыцці. Калі ўсведамляеш, якая гэта важная справа для будучыні краіны, становіцца зразумела, навошта бізнесу сацыяльная адказнасць. У нас яна інтэгравана ў Стратэгію развіцця банка і закранае літаральна ўсе сферы дзейнасці: ад прадуктовай лінейкі да клопату пра калектыў.
Выканаўчы дырэктар Асацыяцыі «Нацыянальная сетка Глабальнага дагавору» ў Расіі Наталля Дарпека расказала, што ў дзвюх краін агульны парадак устойлівага развіцця:
— Калі гаварыць канкрэтна пра агульнае паміж Расіяй і Беларуссю, то магу прывесці канкрэтны прыклад — экалогія. Экалогія, дабрабыт экасістэм, водныя рэсурсы, паветра, чысціня атмасферы, клімат не ведаюць межаў. Таму перш за ўсё мы можам факусіраваць нашы агульныя намаганні на экалагічнай і кліматычнай тэматыцы.
Аб тым, што дзяржава і бізнес у Беларусі надаюць увагу парадку дня ўстойлівай будучыні, сведчаць лічбы.
Так, у 2024 годзе Беларусь заняла 30-е месца сярод 166 краін у рэйтынгу дасягнення Мэт устойлівага развіцця. І гэта важкая прычына для гонару за сумесныя намаганні, але не падстава спыняцца.
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы