Навіны банка і прэс-рэлізы
10.09.2024

2600 магазінаў па ўсёй краіне падключыліся да сэрвісу па выдачы наяўных грошай

Калі вы пражываеце ў населеным пункце да 20 тысяч чалавек або часта бываеце ў такіх месцах і карыстаецеся наяўнымі грашамі — гэта навіна для вас. Бо каб зняць грошы з карты, не абавязкова шукаць банкамат. Дастаткова звярнуцца ў найбліжэйшую гандлёвую кропку і пашукаць на касе спецыяльную наклейку з зялёным кашальком. Яна азначае, што магазін падключаны да сэрвісу выдачы наяўных грошай і тут вы можаце атрымаць неабходную суму грашовых сродкаў.

Маштабаванне гэтага сэрвісу — уклад банка ў рэалізацыю Года якасці і павышэнне даступнасці фінансавых паслуг. Сёння ў сельскай мясцовасці і гарадах з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек да яго падключана каля 2600 магазінаў. А з моманту ўкаранення сэрвісу ў 2020 годзе ўжо праведзена больш за 500 000 аперацый на агульную суму 37 млн рублёў.

Дарэчы, за адну аперацыю можна зняць да 5 базавых велічыняў (200 рублёў). Па картах Беларусбанка камісія за зняцце наяўных грошай не спаганяецца.

Адзначым, што сэрвіс зручны не толькі пакупнікам, але і ўладальнікам бізнесу. Падключаныя суб’екты гаспадарання павялічваюць тавараабарот за кошт прыцягнення дадатковых пакупнікоў, а таксама скарачаюць час на здачу выручкі і выдаткі на інкасацыю наяўных грошай.

Больш падрабязна пра паслугу чытайце тут.