Навіны банка і прэс-рэлізы
27.03.2024

Беларусбанк падвёў вынікі гульні «Вучыся. Зберагай. Зарабляй»

З 18 па 22 сакавіка па ўсёй Беларусі Беларусбанк правёў гульні «Вучыся. Зберагай. Зарабляй», прымеркаваныя да Тыдня фінансавай граматнасці (Global Money Week) – глабальнай інфармацыйнай кампаніі па павышэнні дасведчанасці дзяцей і моладзі аб фінансах. Беларусбанк стаў адной з першых фінансавых устаноў краіны, якія падтрымалі Міжнародны тыдзень фінансаў яшчэ ў 2017 годзе. З тых часоў у спаборніцтве для юных фінансавых геніяў прыняло ўдзел больш за тры з паловай тысячы жыхароў сталіцы і абласных гарадоў.

image001

Адборачныя туры прайшлі ў кожнай вобласці і Мінску. Каманды-пераможцы абласных этапаў сабраліся 22 сакавіка ў сталічным Палацы дзяцей і моладзі на фінальнай гульні, каб вызначыць, хто ў нашай краіне самы фінансава граматны.

image003

image005

Усіх прэтэндэнтаў на перамогу вітала намеснік старшыні праўлення Беларусбанка Святлана Кажэкіна.

Мы надаем вялікую ўвагу фінансавай граматнасці нашых школьнікаў і студэнтаў, таму што вы – наша будучыня, – адзначыла Святлана Кажэкіна. – Тыя асновы, якія мы сёння закладзем, і рэкамендацыі, якія дадзім у фінансавых пытаннях, спадзяюся, дапамогуць вам стаць годнымі прадстаўнікамі эканомікі нашай краіны. Гульня называецца «Вучыся. Зберагай. Зарабляй», і веды, якія атрымаеце, вы зможаце выкарыстоўваць у жыцці і будучай працы. Тут сабраліся лепшыя з лепшых: 22 каманды з усіх куткоў краіны прыехалі ў Мінск абараняць сваю вобласць і горад. Жадаю, каб вам спадарожнічала ўдача, і хай пераможа наймацнейшы!

image007

Да падрыхтоўкі да фіналу дзеці падышлі грунтоўна: займаліся пасля ўрокаў, вывучалі падручнікі па эканоміцы і вырашалі задачы на логіку. А хтосьці палічыў не лішнім узгадаць лагатыпы беларускіх брэндаў і пагартаць атлас «Грошы свету» за некалькі мінут да старту мерапрыемства.

– Наш канёк – агульная эрудыцыя, – расказаў удзельнік каманды «Пугачы» ДУА «Гімназія №29 г.Мінска» Антон Верамейчык. – У папярэднім туры самым складаным раўндам стаў апошні, дзе трэба было адгадаць фінансавыя тэрміны. Таму мы «паднаціснулі» і ўсе гэтыя дні штудзіравалі эканамічныя энцыклапедыі. Ну і, вядома ж, паўтарылі гісторыю Беларусбанка.

image009

Дарэчы, удзельнікі на сталічным этапе занялі 2-е месца, саступіўшы лідарам – камандзе «Працэнты» гімназіі №5 горада Мінска – усяго адзін бал.

Цікавая сітуацыя склалася ў Гродзенскай вобласці: з заходняга рэгіёна прыбылі адразу 4 каманды. Справа ў тым, што ўдзельнікі набралі аднолькавую колькасць балаў. Таму на абласным адборы для фінансавых «разумнікаў» арганізавалі дадатковы раўнд. Нягледзячы на тое што каманда «ОптыУМ» з Навагрудка яго не прайшла, удзельнікам далі другі шанс і запрасілі на фінальную гульню. Вось што думаюць з гэтай нагоды самі шчасліўчыкі.

image011

– Мы ўдзельнічаем у гульнях упершыню і неверагодна рады, што нас паклікалі сюды. Рыхтаваліся да фінальнай гульні сур’ёзна: праглядалі сайты банкаў, паўтаралі нацыянальную валюту розных краін, слухалі папулярных выканаўцаў, успаміналі імёны вядомых рэжысёраў і самых багатых людзей свету, – прызналася прадстаўніца каманды Валерыя Каўцэвіч.

image013

Пытанні датычыліся не толькі фінансаў, але і літаратуры, геапалітыкі, сучаснай поп-музыкі і кінаіндустрыі. Прыдумвае іх з 2017 года намеснік старшыні Клуба інтэлектуальных гульняў ААТ «ААБ Беларусбанк» «Плацінавая сава» Яўгеній Новікаў.

У тройцы лідараў апынуліся наступныя каманды:

  • «Гімназія 50» (ДУА « Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга гімназія №50 г. Мінска») – 1-е месца;
  • Каманда імя Джона Мейнарда Кейнса (ДУА «Сярэдняя школа №9 г. Брэста імя А.Ф. Наганава») – 2-е месца;
  • «Працэнты» (ДУА «Гімназія №5 г. Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе») – 3-е месца.

Дарэчы, пальму першынства прыйшлося аспрэчваць: каманды з Мінска і Брэста набралі аднолькавую колькасць балаў. Вырашальнай стала колькасць правільных адказаў у апошнім раўндзе. У выніку серабро паехала ў Брэст.

image015

– Мы проста кемлівыя і ўважлівыя – так і абышлі большасць супернікаў, – расказаў капітан каманды імя Джона Мейнарда Кейнса Захар Ляшук. – А яшчэ мы не толькі паспяхова выступілі, але і паглядзелі Мінск, прагуляліся па набярэжнай Камсамольскага возера.

Галоўны прыз ўсё ж застаўся ў сталіцы.

image017

– Мы ішлі да перамогі тры гады. І вось, нарэшце, першае месца! – падзяліўся эмоцыямі ўдзельнік каманды «Гімназія 50» Барыс Трацэўскі. – У нашай гімназіі – адна з самых моцных інтэлектуальных каманд. Мы шмат рыхтуемся, пастаянна ўдзельнічаем у розных квізах, мазгабойнях. Для нас важна свае здольнасці і веды пастаянна ўдасканальваць, а вынікі – паляпшаць.

image019

Барыс прызнаецца: ён вучыцца ў 11-м класе, таму перамога ў турніры – своеасаблівая кропка ў квізерскай кар’еры. І пачатак доўгага фінансавага шляху, бо цяпер малады чалавек думае звязаць сваю будучыню з банкам.

Так што Тыдзень фінансавай граматнасці не толькі дае патрэбныя веды, але і дапамагае вызначыцца з прафесіяй. А яшчэ – закладвае трывалы фундамент эканомікі, бо не выключана, што сённяшнім інтэлектуалам прыйдзецца прымаць ключавыя бізнес-рашэнні заўтра.

Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы