Кліенты банка з Віцебска цяпер могуць аформіць крэдыт у абноўленым Іпатэчным офісе, які адкрыўся пасля рамонту па адрасе: пр-т Маскоўскі, 8А.
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел кіраўнік аблвыканкама Аляксандр Субоцін, намеснік старшыні праўлення банка Святлана Кажэкіна, старшыня гарвыканкама Мікалай Арлоў і начальнік Віцебскага аблупраўлення банка Аляксандр Лапаткін.
Віншуючы калеектыў са знакавай падзеяй, губернатар Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што абноўлены Іпатэчны офіс – гэта сучасны фармат адносін з кліентамі:
— Беларусбанк — адзін з асноўных партнёраў Віцебскай вобласці ва ўсіх сферах, пачынаючы ад сяла і заканчваючы будаўніцтвам у тым ліку жылля. Вы дапамагаеце людзям, прадпрыемствам. Думаю, што ў абноўленым офісе гэта будзе яшчэ лепш, эфектыўней, якасней.
Уручаючы сімвалічны ключ ад мадэрнізаванага Іпатэчнага офіса яго кіраўніку Таццяне Зюсько, Святлана Генадзьеўна адзначыла:
— Жыллёвае крэдытаванне для Беларусбанка заўсёды з’яўлялася прыярытэтным напрамкам. Больш за 75% навастроек у Віцебскай вобласці ўзведзена з нашым удзелам. У цяперашні час чатыры крэдытныя здзелкі з пяці ў рэгіёне заключаюцца ў нас. Гэта вялікае шчасце мець свой дом. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб як можна больш сем’яў набылі яго.
Абноўлены Іпатэчны офіс аформлены ў этнастылі. Унутры на яго сценах нанесены натхняючыя малюнкі. Вось маладая сям’я ажыццявіла сваю запаветную мару і купіла кватэру, а крыху далей перад намі прасціраюцца маляўнічыя выгляды Віцебска: тое, якім ён быў шмат стагоддзяў таму назад, а таксама незвычайны горад будучага.
Тут усё абсталявана па апошнім слове тэхнікі: ёсць зоны самаабслугоўвання, чакання і работы з кліентамі, электронная чарга, дзіцячы куток, мультыкарыстальніцкае месца, дзе кліент можа сам паглядзець прапановы банка і зрабіць неабходныя плацяжы ў Інтэрнэт-банкінгу.
У аснову дзейнасці офіса пакладзена канцэпцыя комплекснага абслугоўвання ў стылі «ўсё ўключана», якая прадугледжвае індывідуальны падыход да абслугоўвання кожнага кліента. Усе прысутныя высока ацаніла магчымасці, якія прадастаўляе новы офіс.
Аддзел камунікацый і рэкламы