Навіны банка і прэс-рэлізы
15.08.2022

У гонар свайго 100-годдзя Беларусбанк правёў першы начны дабрачынны забег

image001

У мінулыя выхадныя на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам для фанатаў бегу быў арганізаваны першы ў Беларусі дабрачынны начны забег Belarus Museum Run, ініцыятарам якога выступіў Беларусбанк. Мерапрыемства прайшло пры садзеянні Федэрацыі прыгодніцкіх гонак.

Упершыню ноччу пад Мінскам сярод старадаўніх цэркваў, школ і сядзіб каля паўтысячы фанатаў бегу змянілі цёплую пасцель на спартыўную экіпіроўку. Праверыць сябе на трываласць паспрабавалі вопытныя спартсмены, аматары і нават дзеці. Апошнія як раз і адкрылі незвычайнае мерапрыемства, прабегшы на змярканні паўтара кіламетра.

image003

Дарослых, якія выйшлі на старт за паўгадзіны да поўначы, чакала выпрабаванне больш сур’ёзнае: дыстанцыі ў 5, 10 і 21 км. Маршрут быў пракладзены па беразе вадасховішча Пціч, а таксама па лугах і гаях. Беглі і праз экспазіцыі музея «Цэнтральная Беларусь», «Падняпроўе» і «Прыазер’е».

Каб не збіцца са шляху, усе ўдзельнікі беглі з ліхтарыкамі, ад чаго ў цемры былі падобныя да светлячкоў. Знайшліся сярод бегуноў і сапраўдныя крэатары, як, напрыклад, Вольга Вараб’ёва, якая прымерыла для забегу вобраз начной феі:

image005

— Бегаю я ўжо каля чатырох гадоў, удзельнічаю ў спаборніцтвах. Раблю гэта заўсёды ў маскарадных касцюмах. Стараюся падбіраць тэматыку максімальна блізкую да забегу. Сёння, паколькі начны забег, я вырашыла выбраць вобраз начной феі.

Ідэяй і філасофіяй забегу дзеліцца Дзмітрый Бакіноўскі, начальнік упраўлення камунікацый і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці банка:

image007

— Беларусбанк імкліва набліжаецца да свайго 100-гадовага юбілею. І сярод мерапрыемстваў, якія мы запланавалі, асабліва вылучаецца сённяшняя яркая падзея. На маю думку, гэта ўнікальны забег. Мы паклікалі аматараў бегу, аматараў нашай гістарычнай спадчыны. Вядома, не забыліся пра дабрачыннасць. Усе ўзносы, якія ўдзельнікі выплачваюць для ўдзелу ў забегу, будуць накіраваны Музею архітэктуры і побыту.  

image009

Пераможцамі забегу сталі:

сярод мужчын, 5 км, Яўгеній Шчабятун;

сярод жанчын, 5 км, Кацярына Бендзік;

сярод мужчын, 10 км, Валерый Марчук;

сярод жанчын, 10 км, Аксана Белановіч;

сярод мужчын, 21 км, Юрый Ласюк;

сярод жанчын, 21 км, Таццяна Халікова.

image011

image013

image015

image017

Нагадаем, пачынаючы з мінулага года сумесна з Федэрацыяй прыгодніцкіх гонак банк арганізаваў не адно спартыўнае спаборніцтва. Як і цяпер, месцы правядзення заўсёды былі знакавымі для нашай краіны. А ўжо ў снежні банк зноў збярэ ўсіх фанатаў бегу на вертыкальны забег па лесвіцах Нацыянальнай бібліятэкі — Bright vertical 2022.

Аддзел камунікацый і рэкламы