З нагоды 100-гадовага юбілею банк рэалізуе маштабны праект «Традыцыі дзеля будучыні», у рамках якога дзесяць гарадоў нашай краіны атрымаюць аўтарскія муралы. Прэзентацыя чарговага арт-аб’екта прайшла ў Віцебску: манументальны жывапіс пад назвай «Прастора натхнення» ўпрыгожыў сцяну дванаццаціпавярховага дома на праспекце Будаўнікоў, 20, корпус 1.
На мурале – класічная грэчаская калона, упрыгожаная валошкамі са слуцкіх паясоў. На ёй сядзіць хлопец-мастак і смела малюе неба. Калона расцякаецца рознакаляровымі фарбамі да нізу, сімвалізуючы тое, што Віцебск дагэтуль з’яўляецца жывым горадам, адкрытым для творчых эксперыментаў. У ніжняй частцы мурала намаляваныя гарадскія віды, якія нагадваюць малюнкі Шагала.
У левым верхнім вугле – коннік у аблоках. Кожны можа па-свойму прачытаць гэты вобраз. Хтосьці ўбачыць адсылку да герба Віцебскай вобласці, хтосьці – палёт фантазіі героя карціны, а хтосьці – вобраз Ярылы, які нясе святло і росквіт людзям.
У родным Віцебску гэта першая манументальная праца мастака Глеба Каштанава, хоць ён добра вядомы жыхарам па невялікіх роспісах у гарадскім асяроддзі і ўжо выступаў аўтарам муралаў Беларусбанка ў Мазыры і Полацку.
– У кожнага мастацкага пано свая непаўторная канцэпцыя і назва, – адзначае намеснік старшыні праўлення банка Алег Казарэдаў. – Манументальныя мастацкія роспісы на сценах не толькі робяць нашы гарады больш цікавымі, але і нясуць у сабе нейкую філасофію. Таму мы грунтоўна і адказна падыходзім да выбару сюжэтаў для муралаў – з разуменнем, што падарунак Беларусбанка будуць штодзень бачыць жыхары і госці гэтых гарадоў. Напрыклад, у Віцебску ў сваёй працы мастак імкнуўся стварыць вобраз крэатыўнага горада, дзе пераплятаюцца старыя традыцыі і творчыя эксперыменты.
Адзначым, што «Прастора натхнення» – гэта ўжо пяты мурал у скарбонцы найбуйнейшага банка, створаны ў рамках іміджавай кампаніі «Беларусбанк. Заўсёды побач. Побач з кожным», прымеркаванай да 100-годдзя фінансавай установы.
Аддзел камунікацый і рэкламы