Навіны банка і прэс-рэлізы
08.04.2022

Беларусбанк выступіў генеральным партнёрам маштабнага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць»

1

Конкурс харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць», у якім прымуць удзел больш за тысячу чалавек з 15 населеных пунктаў Беларусі, стартуе ўжо ў суботу 9 красавіка ў КЗ «Мінск». Яго рэалізацыя стала магчымай дзякуючы падтрымцы Беларусбанка.

Конкурс дазволіць у адным месцы аб’яднаць юныя танцавальныя таленты з усёй краіны. Удзельнікі змогуць паказаць сябе і абмяняцца вопытам, арганізатары —  знайсці і падтрымаць адораных дзяцей.

Па яго выніках будуць вызначаны лаўрэаты і ўладальнік Гран-пры і грашовага прыза ў суме 200 базавых велічыняў.

2

Як адзначыў падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай старту праекта, начальнік упраўлення камунікацый і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці Беларусбанка Дзмітрый Бакіноўскі, падтрымка конкурсу — гэта ў тым ліку ўклад банка ў развіццё краіны:

— Адзін з нашых самых галоўных і любімых сацыяльных праектаў – «Прастора натхнення» – як раз накіраваны на падтрымку арганізацый мастацтва і культуры. Гэта і супрацоўніцтва з Вялікім тэатрам оперы і балета, і падтрымка «Славянскага базара» ў Віцебску, а таксама шэрагу іншых музычных і танцавальных фестываляў. Калі арганізатары конкурсу «Час танцаваць» звярнуліся да нас з просьбай аб падтрымцы — доўга не разважалі. Праект цалкам адпавядае нашай філасофіі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. У банку заўсёды з трапятаннем ставіліся да ініцыятыў, накіраваных на падтрымку і развіццё нашай будучыні — дзяцей, — пракаменціраваў Дзмітрый Бакіноўскі.

3

Па словах дырэктара Рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра і арганізатара конкурсу Аляксандра Сідарэнкі, ключавая мэта мерапрыемства —  даць кожнаму ўдзельніку праявіць сябе, раскрыць талент, пазнаёміцца з творчасцю іншых калектываў і  выявіць найлепшых.

— А дзякуючы падтрымцы Беларусбанка мы зможам таксама ўручыць Гран-пры і салідны грашовы прыз, — адзначыў Аляксандр Сідарэнка.

Улічваючы шырокі ахоп удзельнікаў розных узроставых груп (ад 3 гадоў і старэй) па дзевяці харэаграфічных напрамках, конкурс «Час танцаваць» абяцае стаць найбуйнейшым форумам харэаграфічнага мастацтва Рэспублікі Беларусь сярод аматарскіх і прафесійных калектываў.

Аддзел камунікацый і рэкламы