Навіны банка і прэс-рэлізы
25.11.2021

Махляры сталі часцей імітаваць сайт Інтэрнэт-банкінгу «Беларусбанка» для крадзяжу грошай кліентаў

У апошні час узрасла колькасць выпадкаў махлярскіх дзеянняў з рахункамі кліентаў банка з прымяненнем фішынгавых сайтаў – рэсурсаў, чые адрасы вельмі падобныя па напісанні на сапраўднае даменнае імя Інтэрнэт-банкінгу «Беларусбанка», а інтэрфейсы капіруюць візуальнае афармленне рэальных старонак.

Фішынг – від махлярства ўжо не новы, аднак надзвычай небяспечны з-за сваёй эфектыўнасці. Трапіць на фішынгавы сайт намнога прасцей, чым здаецца. Жадаючы скарыстацца Інтэрнэт-банкінгам, многія карыстальнікі задаюць адпаведны запыт у пошукавых сістэмах і ў першых радках выдачы знаходзяць рэкламныя аб’явы, якія можна памылкова прыняць за патрэбную спасылку. Клікаючы на яе, кліент нават не падазрае, што пераходзіць на рэсурс-імітатар, і бязбоязна ўносіць аўтарызацыйныя даныя ў прапанаваныя яму формы. Такім чынам у распараджэнні зламысніка аказваецца інфармацыя, якая дазваляе атрымаць доступ да рахункаў кліента і спустошыць іх. Як правіла, пацярпелы не адразу разумее, што ў яго дачыненні было здзейснена злачынства: пасля ўводу звестак фішынгавы сайт выдае яму паведамленне аб часовай недаступнасці Інтэрнэт-банкінгу быццам бы з-за ажыццяўляемых у сістэме тэхнічных работ. Падобнае тлумачэнне здаецца карыстальніку пераканаўчым, ён не прадпрымае ніякіх дзеянняў для блакіроўкі ўліковага запісу і такім чынам дае фору махлярам.

Паважаныя кліенты! Памятайце, што любая спроба авалодання асабістай інфармацыяй павінна выклікаць насцярожанасць. Небяспечна пераходзіць па сумнеўных спасылках і ўводзіць у формы, прапанаваныя вам на інтэрнэт-рэсурсах, сваё імя, тэлефонны нумар, пашпатныя даныя, рэквізіты плацежных карт, коды доступу, сеансавыя ключы і іншую інфармацыю з SMS-паведамленняў, дасылаемых пры ажыццяўленні плацяжоў у Інтэрнэт-банкінгу або ажыццяўленні некаторых іншых аперацый. Пераправярайце карэктнасць адрасоў сайтаў, якія вы  наведваеце, нават калі яны прадстаўляюць банк або іншыя буйныя і шырока вядомыя арганізацыі.

Нагадваем: адрас Інтэрнэт-банкінгу «Беларусбанка» – ibank.asb.by. Звяртаем увагу, што на галоўнай старонцы нашага сайта размешчана кнопка для прамога доступу да сістэмы «Інтэрнэт-банкінг». Таксама ў раздзеле «Бяспечная праца ў сістэмах ДБА» вы можаце азнаёміцца з падрабязнымі рэкамендацыямі па бяспечнай працы ў сістэмах «Інтэрнэт-банкінг», «М-банкінг», «Кліент-банк (WEB)». Акрамя таго, у раздзеле «Тэхнічныя работы» рэгулярна абнаўляецца інфармацыя аб плануемых часовых абмежаваннях доступу карыстальнікаў да каналаў дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання «Беларусбанка».

Аддзел камунікацый і рэкламы