Навіны банка і прэс-рэлізы
20.09.2021

Прадстаўляюцца супрацоўнікамі інтэрнэт-магазінаў, спрабуюць атрымаць доступ да сістэм ДБА. Што неабходна ведаць трымальнікам карт пра новую махлярскую схему

Атрымлівае распаўсюджанне чарговая злачынная схема: каб выманіць у трымальнікаў плацежных карт інфармацыю для доступу да іх сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, зламыснікі цяпер прадстаўляюцца работнікамі інтэрнэт-магазінаў.

Кліенту банка тэлефануюць і паведамляюць, што на яго імя аформлены анлайн-крэдыт або пакінута заяўка на набыццё тавару. Зразумела, трымальнік карты ўсё адмаўляе і тлумачыць, што гэта памылка. Тады выдуманыя супрацоўнікі анлайн-маркета раяць адмяніць заказ. На гэтай падставе яны ўдакладняюць, у якім банку абслугоўваецца кліент, і просяць паведаміць інфармацыю, з дапамогай якой можна атрымаць доступ да рахункаў трымальніка карты праз сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, напрыклад, з дапамогай мабільнага дадатку або інтэрнэт-банкінгу. Акрамя таго, зламыснікі могуць цікавіцца SMS-паведамленнямі з банка, якія ўтрымліваюць коды пацвярджэння аперацый.

Паважаныя кліенты! Памятайце, што для здзяйснення злачынства ў дачыненні да вас могуць быць выкарыстаны любыя, нават, на першы погляд, самыя нязначныя звесткі. Трэція асобы ні ў якім разе не павінны ведаць рэквізіты вашай банкаўскай плацежнай карты: яе нумар, тэрмін дзеяння, код CVV. Акрамя таго, нельга паведамляць лагіны і паролі ад інтэрнэт-банкінгу і мабільных дадаткаў, коды доступу, сеансавыя ключы і іншую інфармацыю з SMS-паведамленняў, дасылаемых банкам.

Звяртаем увагу: на нашым сайце ў раздзеле «Бяспечная праца ў сістэмах ДБА» можна азнаёміцца з падрабязнымі рэкамендацыямі па бяспечнай працы ў сістэмах «Інтэрнэт-банкінг», «М-банкінг», «Кліент-банк (WEB)».

Аддзел камунікацый і рэкламы