У сценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі адкрылася мультымедыйная перасоўваемая выстаўка «Партызаны Беларусі». Другі год запар афіцыйным партнёрам праекта выступае «Беларусбанк».
Студэнты і выкладчыкі ВНУ змогуць пазнаёміцца з гістарычнымі фатаграфіямі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узнагароднымі лістамі і баявымі характарыстыкамі партызанаў і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі акупіраванай Беларусі, даведацца пра подзвігі і заслугі канкрэтных партызанаў, баявыя сутыкненні, партызанскія фарміраванні рэгіёна. З дапамогай брэндзіраванага інтэрактыўнага стэнда праекта partizany.by кожны можа паспрабаваць знайсці свайго гераічнага продка з ліку партызанаў і падпольшчыкаў, даведацца пра новыя факты аб партызанскім руху на тэрыторыі Беларусі.
«Партызаны Беларусі» – адзіная на постсавецкай прасторы электронная энцыклапедыя аб партызанах і падпольшчыках. У найбліжэйшыя гады ў электронную персаніфікаваную базу «Партызаны Беларусі» будуць уведзены персанальныя даныя ўсіх партызанаў і падпольшчыкаў, якія гераічна змагаліся супраць нацыстаў і іх пасобнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ужо сёння ў рэжыме анлайн прадстаўлена больш за 175 тысяч персанальных даных аб партызанах Вялікай Айчыннай вайны. Гэта свайго роду электронная энцыклапедыя партызанскага руху, персаніфікаваная электронная база яго ўдзельнікаў і падпольшчыкаў.
Задача арганізатараў і аўтараў праекта – прадставіць не толькі будучым пакаленням, але і сучаснікам праўду аб той страшнай вайне, аб тых неверагодных пакутах, якія адчувала мірнае насельніцтва на акупаванай тэрыторыі.