Навіны банка і прэс-рэлізы
22.06.2021

Віктар Ананіч – аб развіцці рэгіёнаў, сучаснай моладзі і дабрачынных ініцыятывах

1

Рэгіянальнае развіццё – адзін з прыярытэтных напрамкаў палітыкі нашай дзяржавы. Намаганні кіраўніцтва краіны нацэлены на стварэнне годных умоў жыцця ў рэгіёнах, у тым ліку для развіцця і самарэалізацыі моладзі. Аб гэтым і не толькі — размова з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшынёй праўлення ААТ «ААБ «Беларусбанк» Віктарам АНАНІЧАМ.

Віктар Міхайлавіч, у сваім выступленні аб планах на найбліжэйшую пяцігодку на VI Усебеларускім народным сходзе кіраўнік дзяржавы зрабіў асобны акцэнт на моцныя рэгіёны. Напрыклад, неабходна больш актыўна адкрываць новыя прадпрыемствы ў малых гарадах. Вы, як сенатар, рэгулярна бываеце ў рэгіёнах і сустракаецеся з мясцовымі жыхарамі. Якія, на Вашу думку, крокі яшчэ неабходна прадпрыняць для раскрыцця патэнцыялу нашых населеных пунктаў у абласцях?

— Як сенатар, я прадстаўляю Касцюковіцкі, Быхаўскі і Краснапольскі акругі. Для сябе развіццё рэгіёнаў бачу прыярытэтам. І ў гэтым напрамку патрэбны новыя падыходы. Калі гаварыць больш глабальна, то тут, размова ідзе пра будаўніцтва даступнага жылля, стварэнне дадатковых эфектыўных працоўных месцаў з аплатай працы на ўзроўні не ніжэй за сярэднюю па краіне і комплексным развіцці сацыяльнай інфраструктуры.

Бываючы ў розных населеных пунктах нашай краіны, разумею, што ў кожнай вобласці і горада ёсць свае перавагі. Менавіта яны могуць стаць штуршком да развіцця сельскай гаспадаркі, прамысловасці, рэалізацыі прыватных ініцыятыў на месцах. Напрыклад, свае прапановы ў частцы развіцця канкрэтнага рэгіёна былі мной унесены ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 чэрвеня 2015 г. № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці».

Калі гаварыць больш прадметна, то, канешне, важна забяспечыць магчымасць шматдзетным сем’ям паляпшаць свае жыллёвыя ўмовы ў тых населеных пунктах, дзе яны пражываюць. Комплексна планаваць будаўніцтва і развіваць інфраструктуру магчыма і мэтазгодна там, дзе людзі нарадзіліся, жывуць і працуюць. Усё гэта дзеючае заканадаўства дазваляе зрабіць у рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 240, у адпаведнасці з якім грамадзянам аказваецца дзяржаўная падтрымка пры будаўніцтве жылых памяшканняў.

Акрамя таго, пытанне арэнднага жылля з’яўляецца сёння таксама адным з ключавых у частцы замацавання маладых спецыялістаў на месцах, у малых населеных пунктах.  

Калі гаварыць у цэлым, то ў пошуку шляхоў вырашэння вышэйзгаданых пытанняў важным застаецца падтрымка і ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Бо ўсё пачынаецца з сям’і. Гэта тэма асабліва актуальная ў рамках Года народнага адзінства. Да таго ж штогод 17 верасня, як ужо вядома, у нашай краіне будзе адзначацца Дзень народнага адзінства. Бо трэба разумець, што ў глабальным маштабе адзінства зараджаецца на ўзроўні кожнай канкрэтнай сям’і. У штодзённай мітусні так важна знаходзіць час на дзяцей і ўнукаў, гаварыць з імі і чуць іх. Таму асобную ўвагу, канешне, трэба звярнуць на патрыятычнае выхаванне моладзі.

Калі ўжо Вы загаварылі пра моладзь. Можна сказаць, што ў краіне ўжо дастаткова зроблена для самарэалізацыі моладзі. Пры гэтым, улічваючы, якімі тэмпамі развіваецца грамадства і ў цэлым свет, важна пастаянна павышаць узровень палітычнай культуры сучаснай моладзі, а таксама яе ўдзелу ў грамадскім жыцці. Згодны?

— Абсалютна, і на гэтых аспектах стараюся рабіць акцэнт на асабістых сустрэчах з падрастаючым пакаленнем. Напрыклад, у мэтах абмеркавання з вучнямі школ розных аспектаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны я прымаю актыўны ўдзел у мерапрыемстве «Школа актыўнага грамадзянства», наведваючы навучальныя ўстановы Касцюковіцкага, Быхаўскага і Краснапольскага раёнаў. Так, размаўляючы нядаўна з вучнямі прафесійнага ліцэя ў Касцюковічах, звярнуў увагу дзяцей, што будучае Беларусі, у тым ліку у руках моладзі, таму што менавіта яны і ёсць наша будучыня.

Мы бачым, што сучасная моладзь значна адрозніваецца ад старэйшых пакаленняў. Сёння яна мае моцную залежнасць ад інтэрнэт-рэсурсаў. На жаль, не ўсе маладыя людзі глядзяць рэспубліканскія каналы тэлебачання, чытаюць газеты. Моладзь больш цікавяць інтэрнэт-парталы. Важна чэрпаць інфармацыю з розных крыніц, не паддавацца мімалётным эмоцыям.

На мой погляд, у краіне ўжо дастаткова зроблена для развіцця і самарэалізацыі моладзі. У прыватнасці, для замацавання маладых спецыялістаў на працоўных месцах выпрацавана сістэма іх стымулявання, функцыянуе сістэма выяўлення, адбору і сацыяльнай падтрымкі адоранай і таленавітай моладзі.

Ключавымі напрамкамі ў гэты перыяд часу таксама стануць прафесійная самарэалізацыя, кар’ерны рост, маладзёжнае прадпрымальніцтва, сямейныя каштоўнасці і фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Упэўнены, што вынікам актыўнай працы з моладдзю стане павышэнне долі актыўнай моладзі ў розных формах грамадска-палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця.

Віктар Міхайлавіч, задача дэпутата – адчуваць запыты і настроі грамадзян у кожным населеным пункце. Аб гэтым напярэдадні таксама гаварыў кіраўнік дзяржавы. Ці можна сказаць, што жыхары розных гарадоў даволі часта звяртаюцца да Вас са сваімі пытаннямі падчас  правядзення сустрэч у працоўных калектывах і тэлефонных ліній?

— Так, аналізуючы вынікі падобных фарматаў зносін з насельніцтвам, можна сказаць, што жыхары маёй выбарчай акругі і іншых гарадоў даволі актыўныя. Толькі ў бягучым годзе правёў ужо некалькі дзясяткаў сустрэч у працоўных калектывах, выязных прыёмаў грамадзян, якія паказалі важнасць і запатрабаванасць такіх форм дыялогу ў насельніцтва.

Тэмы зваротаў самыя розныя. Але каштоўнасць такой камунікацыі з людзьмі для нас, дэпутатаў, заключаецца не толькі ў магчымасці пачуць кожнага, а дапамагчы вырашыць з мясцовымі органамі ўлады пытанні, з якімі звяртаюцца жыхары кріны, у максімальна сціслыя тэрміны.

Магчыма, большую частку зваротаў усё ж складаюць асабістыя бытавыя пытанні людзей. І, аказваючы садзеянне ў вырашэнні іх праблем, ты ўсведамляеш, як жыццё гэтых грамадзян у населеных пунктах часам мяняецца і становіцца больш камфортным.

Пры гэтым, важна разумець, што паспяховае вырашэнне тых ці іншых пытанняў у многім залежыць і ад актыўнай жыццёвай пазіцыі саміх грамадзян. Бо разам можна больш аператыўна знайсці шляхі іх вырашэння ў рамках дзеючага заканадаўства. А ў непасрэднай камунікацыі з жыхарамі ўдаецца зразумець тыя тэндэнцыі і пытанні, якія сёння хвалююць людзей, каб надаць гэтым напрамкам больш увагі.

— У сваёй дзейнасці і як сенатар, і як кіраўнік найбуйнейшага банка Вы садзейнічаеце рэалізацыі шэрагу дабрачынных ініцыятыў у розных сферах. Ці маглі б вы вылучыць найбольш значныя?

— Калі мы гаворым пра добрыя справы, тут складана вылучыць нейкую больш значную, паколькі кожная падобная ініцыятыва важная для асобнага грамадзяніна, а магчыма, рэгіёна ці краіны ў цэлым. Канешне, з такімі просьбамі падчас асабістых прыёмаў або тэлефонных ліній да мяне як сенатара, а таксама ў банк рэгулярна звяртаюцца жыхары і арганізацыі з розных куткоў краіны. Гэта датычыцца ў тым ліку падтрымкі ўстаноў аховы здароўя, спорту, культуры.

Напрыклад, у рамках рэспубліканскай акцыі #СпасибоМедикам мы не перастаём падтрымліваць нашых урачоў, дзякаваць ім за штодзённую гераічную працу. Гэту работу мы актыўна праводзілі з пачатку пандэміі ў мінулым годзе і працягваем яе ў 2021-ым.

У бягучым годзе, напрыклад, аказана спонсарская дапамога на набыццё відэаэндаскапічнага абсталявання для цэнтральнай раённай бальніцы Касцюковічаў. Выдзелены таксама сродкі на набыццё індывідуальных сродкаў абароны, тэст-сістэм, правядзенне рамонтных работ шэрагу медыцынскіх і рэабілітацыйных устаноў Мінска і Барысава. Акрамя таго, прынята рашэнне аб прадастаўленні ў найбліжэйшы час спонсарскай дапамогі медустановам у Баранавічах і Бабруйску. Пры гэтым вельмі важна, каб гэта дапамога была своечасовай і дазволіла аказваць медыцынскія паслугі жыхарам у гарадах і населеных пунктах на якасна высокім узроўні.

У працяг тэмы здароўя, важна не забываць і аб прыцягненні маладога пакалення да спорту і здаровага ладу жыцця. Напрыклад, сродкі, накіраваныя на абсталяванне варкаўт пляцовак у рэгіёнах (у мінулым годзе такія лакацыі былі адкрыты ў Быхаве і Касцюковічах), а таксама на набыццё інвентару спартыўным клубам, гэта, свайго роду, інвестыцыі ў здаровую нацыю і з’яўленне новых беларускіх зорак у розных відах спорту.         

Як сенатар і кіраўнік банка заўсёды ўважліва разглядаю кожны зварот і імкнуся максімальна садзейнічаць у рэалізацыі дабрачынных ініцыятыў. Штогод на розныя спонсарскія праекты накіроўваюцца вялікія сродкі. Але не ўсё можна ацаніць грашыма – часта звычайная ўвага з боку чыноўнікаў і прадстаўнікоў бізнес-суполкі, удзел у розных мерапрыемствах для людзей нашмат важней, чым атрыманыя грашовыя сродкі.

На мой погляд, арганізацыям і кампаніям розных маштабаў бізнесу важна мець сацыяльную накіраванасць дзейнасці, што ў выніку станоўча адлюструецца на рэалізацыі ініцыятыў і праектаў, значных як для асобнага рэгіёна, так і краіны ў цэлым.

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!