З 09 ліпеня 2021 г. уступае ў сілу новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2003 г. № 226-З «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі» (далей - Закон). У адпаведнасці з Законам на фізічных асоб – рэзідэнтаў ускладваецца абавязак па рэгістрацыі дагавораў (кантрактаў, пагадненняў) і іншых дакументаў, на падставе якіх ажыццяўляюцца валютныя аперацыі (далей – валютных дагавораў), і прадстаўленні дакументаў і іншай інфармацыі аб выкананні абавязацельстваў па зарэгістраваных валютных дагаворах у парадку, вызначаным Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь (далей – Нацыянальны банк).
Нацыянальны банк пастановай Праўлення ад 12 лютага 2021 г. № 37 «Аб рэгістрацыі рэзідэнтамі валютных дагавораў» (далей – Пастанова №37) вызначыў, што рэзідэнт – фізічная асоба будзе абавязаны зарэгістраваць валютны дагавор па новых правілах, калі адначасова:
1) дагавор заключаны з нерэзідэнтам;
2) сума грашовых абавязацельстваў па дагаворы не вызначана або складае 2000 БВ і больш на дату заключэння дагавору (калі сума выражана ў замежнай валюце, яе неабходна пералічыць у беларускія рублі па афіцыйным курсе беларускага рубля да замежнай валюты, устаноўленым Нацыянальным банкам на дату заключэння дагавору);
Даведка: На 1 сакавіка 2021 г. 2 000 БВ складае 58 000 беларускіх рублёў, што эквівалентна 22259 дол. ЗША.
3) валютная аперацыя па дагаворы ўваходзіць у пералік, устаноўлены ч. 2 п. 3 Пастановы №37.
Пералік валютных аперацый, якія належаць да рэгістрацыі:
- правядзенне разлікаў пры экспарце і (або) імпарце (паступленне і (або) перадачу тавараў, маёмасці ў арэнду, у тым ліку ў фінансавую арэнду (лізінг), нераскрытай інфармацыі, выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, маёмасных правоў, выкананых работ, аказаных паслуг);
- унясенне рэзідэнтам грашовага ўкладу ў статутны фонд юрыдычнай асобы - нерэзідэнта;
- набыццё рэзідэнтам у нерэзідэнта каштоўных папер, эмітаваных (выдадзеных) нерэзідэнтамі;
- продаж рэзідэнтам нерэзідэнту каштоўных папер, эмітаваных (выдадзеных) рэзідэнтамі;
- набыццё рэзідэнтам акцый юрыдычнай асобы – нерэзідэнта пры іх размеркаванні сярод заснавальнікаў, долі ў статутным фондзе або пая ў маёмасці юрыдычнай асобы – нерэзідэнта, унясенне рэзідэнтам дадатковага ўкладу ў статутны фонд юрыдычнай асобы – нерэзідэнта ў выпадку яго павелічэння;
- продаж рэзідэнтам акцый юрыдычнай асобы – рэзідэнта нерэзідэнту пры іх размеркаванні сярод заснавальнікаў, долі ў статутным фондзе або пая ў маёмасці юрыдычнай асобы – рэзідэнта;
- перадачу рэзідэнтам – давернікам грашовых сродкаў, каштоўных папер у давернае кіраванне нерэзідэнту;
- пералічэнне (перавод) рэзідэнтам грашовых сродкаў у мэтах ініцыявання (ажыццяўлення) здзелак па набыцці каштоўных папер, у тым ліку пры іх першасным размяшчэнні, вытворных фінансавых інструментаў з выкарыстаннем паслуг брокера, а таксама здзелак, звязаных з інвесціраваннем у акцыянерны капітал ствараемых кампаній (венчурнае фінансаванне), набыццём лічбавых знакаў (токенаў);
- набыццё рэзідэнтам у нерэзідэнта нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на падставе дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу), а таксама дагавораў, якія прадугледжваюць стварэнне аб’ектаў долевага будаўніцтва;
- продаж рэзідэнтам нерэзідэнту нерухомай маёмасці, якая знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на падставе дагавораў фінансавай арэнды (лізінгу), а таксама дагавораў, якія прадугледжваюць стварэнне аб’ектаў долевага будаўніцтва;
- прыцягненне рэзідэнтам грашовых сродкаў у форме крэдыту, пазыкі ад нерэзідэнта, прадастаўленне рэзідэнтам грашовых сродкаў нерэзідэнту ў форме пазыкі;
- размяшчэнне рэзідэнтам грашовых сродкаў ва ўклады (дэпазіты) у замежным банку;
- выкананне рэзідэнтам грашовых абавязацельстваў перад нерэзідэнтам на падставе дагавораў паручыцельства, гарантыі;
- прадастаўленне рэзідэнтам грашовых сродкаў нерэзідэнту на бясплатнай аснове;
- дарэнне (ахвяраванне) рэзідэнтам грашовых сродкаў нерэзідэнту;
- пералічэнне рэзідэнтам грашовых сродкаў нерэзідэнту для ініцыявання (ажыццяўлення) здзелак з беспаставачнымі пазабіржавымі фінансавымі інструментамі;
- выкананне рэзідэнтам абавязацельстваў перад нерэзідэнтам на падставе дагавораў уступкі права (патрабавання), пераводу доўгу.
Да рэгістрацыі таксама належаць валютныя дагаворы, заключаныя фізічнымі асобамі – рэзідэнтамі да 09 ліпеня 2021 г., калі абавязацельствы па іх не выкананы да пазначанай даты.
Рэгістрацыю валютнага дагавору неабходна будзе праводзіць да ажыццяўлення фізічнай асобай – рэзідэнтам дзеянняў, накіраваных на выкананне дагавору, або не пазней за 7 працоўных дзён з даты, наступнай за датай паступлення грашовых сродкаў па такім дагаворы на рахунак рэзідэнта, у тым ліку адкрыты ў замежным банку.
За невыкананне абавязку па рэгістрацыі валютнага дагавору ў выпадку, калі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі патрабуецца такая рэгістрацыя, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (артыкул 12.2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Для мэт рэгістрацыі валютнага дагавору фізічнай асобе-рэзідэнту неабходна будзе стварыць асабісты кабінет карыстальніка на вэб-партале Нацыянальнага банка (далей – Асабісты кабінет), атрымаўшы доступ да асабістага кабінета праз Mіжбанкаўскую сістэму ідэнтыфікацыі (МСІ) з выкарыстаннем лагіна і пароля. Таксама паслугу па рэгістрацыі/суправаджэнні валютнага дагавору зможа аказваць ААТ «ААБ Беларусбанк», пры ўмове прадастаўлення фізічнай асобай у асабістым кабінеце такога права Банку.
Для рэгістрацыі валютных дагавораў у асабістым кабінеце неабходна запоўніць рэгістрацыйную форму, якая ўтрымлівае такія істотныя ўмовы валютнага дагавору, як тып і падтып валютнага дагавору, яго нумар і дата, тэрмін дзеяння валютнага дагавору, сума грашовых абавязацельстваў па валютным дагаворы, валюта плацяжу і ўмовы разлікаў, а таксама звесткі аб контрагенце-нерэзідэнце (найменне контрагента, краіна, ідэнтыфікацыйны нумар, а ў выпадку адсутнасці - адрас месцазнаходжання) і іншую інфармацыю. Датай рэгістрацыі валютнага дагавору на вэб-партале лічыцца дата прысваення валютнаму дагавору рэгістрацыйнага нумару. Пры правядзенні разлікаў у рамках зарэгістраванага валютнага дагавору інфармацыю аб прысвоеным яму нумары неабходна будзе пазначаць у плацежнай інструкцыі.
Пасля таго, як валютны дагавор зарэгістраваны, фізічная асоба – рэзідэнт на вэб-партале ў асабістым кабінеце павінна будзе прадстаўляць інфармацыі аб яго выкананні за папярэдні каляндарны месяц, у тым ліку аб выкананні дагавору ў поўным аб’ёме, а таксама прадастаўляць іншую інфармацыю пры атрыманні асобных запытаў ад Нацыянальнага банка.
Дадаткова паведамляем, што з 09 ліпеня 2021 года фізічным асобам – рэзідэнтам не трэба будзе атрымліваць у Нацыянальным банку дазволы на правядзенне валютных аперацый, звязаных з рухам капіталу (купля нерухомасці за мяжой, узнос у статутны фонд нерэзідэнта, набыццё каштоўных папер, выпушчаных нерэзідэнтам, і г.д.).