Навіны банка і прэс-рэлізы
04.02.2021

Віктар Ананіч – аб падтрымцы кліентаў у перыяд пандэміі, лічбавай трансфармацыі і зваротах грамадзян

Аказанне фінансавай падтрымкі рэальнаму сектару эканомікі ў перыяд пандэміі, выгады для радавога кліента ад лічбавай трансфармацыі найбуйнейшага банка краіны, а таксама ключавыя тэмы зваротаў грамадзян. Аб гэтым старшыня праўлення ААТ «ААБ «Беларусбанк», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах Віктар АНАНІЧ расказаў друкаванаму выданню «СБ. Беларусь сёння».

ananich-intervu

— Віктар Міхайлавіч, на пачатку новага года звычайна прынята падводзіць вынікі мінулага. Улічваючы сур’ёзны ўплыў пандэміі на сусветную эканоміку, у тым ліку і нашай дзяржавы, якіх вынікаў усё ж удалося дасягнуць камандзе самага вялікага банка краіны?

— Ніхто з нас не мог падумаць, што свет сутыкнецца з такім выклікам, а тым больш наступствамі, у тым ліку для эканомік усіх краін свету. Безумоўна, пандэмія каранавіруса аказала ціск на дзейнасць Беларусбанка.

У склаўшыхся ўмовах банк забяспечыў выкананне ўсіх даведзеных паказчыкаў і нарматываў бяспечнага функцыянавання. Аб’ём прыбытку па выніках працы за 2020 год вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 2% і склаў 380 млн рублёў, што дазволіла дасягнуць паказчыка рэнтабельнасці капіталу на ўзроўні 9,2%. Паказчык, які характарызуе эфектыўнасць кіравання выдаткамі (cost to income ratio), дасягнуў адзнакі ў 38,1% і з’яўляецца самым нізкім у банкаўскай сістэме Рэспублікі Беларусь.

Каласальная работа па аптымізацыі бізнес-працэсаў у сукупнасці з высокім узроўнем дыверсіфікацыі партфеля і гібкай крэдытнай палітыкай дазволілі банку не толькі дасягнуць высокіх паказчыкаў эфектыўнасці работы па выніках 2020 года, але і стварыць платформу для росту і паляпшэння на перспектыву.

Сумесна з Урадам Рэспублікі Беларусь нам удалося часткова аднавіць ліміты з боку расійскіх банкаў, захаваць фінансаванне здзелак еўрапейскімі банкамі, якое ажыццяўляецца з удзелам кліентаў. Праведзена вялікая работа па недапушчальнасці сур’ёзнага адтоку дэпазітаў насельніцтва. Прынятыя меры дазволілі забяспечыць рост рублёвых укладаў.

— Наколькі значнай аказалася падтрымка Беларусбанка нашых прамысловых гігантаў, прадстаўнікоў прыватнага сектару і фізічных асоб у гэты няпросты час?

— Сумесна з крэдытапазычальнікамі для пераадолення імі крызіснага перыяду наступстваў уплыву пандэміі быў выпрацаваны комплекс мер, які дазваляе захаваць іх плацежаздольнасць, а таксама забяспечыць бягучую вытворча-камерцыйную дзейнасць.

Так, напрыклад, за перыяд з пачатку пандэміі станоўчыя рашэнні ў частцы рэструктурызацыі запазычанасці прыняты па 480 карпаратыўных кліентах, уключаючы малы і сярэдні бізнес, што складае 97% ад усіх разгледжаных заявак, на агульную суму амаль 765 млн рублёў. Мы разумеем, што ва ўмовах пандэміі пытанне аказання фінансавай дапамогі кліентам вельмі адчувальнае. Важна знайсці баланс паміж дадатковым фінансаваннем і перспектывамі далейшага ўстойлівага развіцця.

Акрамя падтрымкі прадпрыемстваў і прадстаўнікоў прыватнага сектару банк прапанаваў розныя варыянты зніжэння фінансавай нагрузкі і для фізічных асоб. Так, за мінулы год у банк па гэтым пытанні паступіла каля 600 заяў кліентаў банка, з іх прыняты станоўчыя рашэнні для 500 грамадзян.

— Беларусбанк неаднаразова адзначаў актыўны пераход кліентаў на дыстанцыйнае абслугоўванне. Усё больш паслуг сёння можна аформіць або аплаціць, не наведваючы аддзяленне банка. Чаго чакаць радавому кліенту ад лічбавай трансфармацыі, рэалізуемай найбуйнейшым банкам?

— Так, лічбавая трансфармацыя банка праводзіцца даволі актыўна. І яе варта падзяліць на два складнікі: унутраная і знешняя. Калі гаварыць пра ўнутраную, якая ўскосна датычыцца нашых кліентаў, то, канешне, ключавой задачай з’яўлялася закрыццё філіялаў, якія знаходзіліся на розных балансах і перавесці ўсё на адзін баланс. Гэта вельмі цяжкая праца. Нам удалося за два гады зачыніць 26 філіялаў. І зараз гэта ўнутранае пераўтварэнне дазваляе кліенту звярнуцца ў любое аддзяленне банка па пытанні, напрыклад, падаўжэння плацежнай карткі, незалежна ад таго, у якім горадзе ці населеным пункце краіны ён яе афармляў. Калі гаварыць пра знешнюю трансфармацыю, то тут мы вялікі ўпор зрабілі на каналы дыстанцыйнага абслугоўвання і на картачны бізнес. Банкам актыўна ўкараняюцца інавацыйныя сэрвісы, якія дазваляюць кліентам камфортна ажыццяўляць цэлы шэраг плацяжоў 24/7, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі. Тут важна адзначыць тое, што сутнасць інавацыі заключаецца не ў тым, каб яе ўкараніць, а ў тым, каб яна стала натуральным прадуктам для большасці жыхароў краіны. Наша інавацыйнасць заключаецца ў распаўсюджванні тэхналогій.

І тая ж планамерная аптымізацыя аддзяленняў, якая праводзіцца банкам, звязана, у тым ліку з павелічэннем долі плацяжоў кліентаў праз сэрвісы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, якую мы назіраем у апошнія гады. Пра гэта гавораць лічбы. Калі яшчэ ў 2014 годзе доля плацяжоў, напрыклад, за камунальныя паслугі, мабільную сувязь, ажыццяўляемых у дыстанцыйных каналах, складала крыху больш за 20%, то сёння пры ажыццяўленні плацяжоў кліенты банка ў 85% выпадкаў выкарыстоўваюць менавіта дыстанцыйныя каналы. Радуе той факт, што гэта лічба ўключае ў сябе і кліентаў старэйшага пакалення, якія таксама паспяхова карыстаюцца сучаснымі тэхналогіямі.

— У мінулым годзе міжнароднае выданне Тhе Banker прызнала Беларусбанк Банкам года 2020 у нашай краіне. Дзякуючы чаму ўдаецца паказваць такія вынікі, якія высока ацэньвае экспертная суполка?

— Трэба падкрэсліць асаблівую каштоўнасць і важнасць узнагароды The Banker для Беларусбанка ў 2020 годзе. Як было адзначана міжнародным выданнем, эксперты ў першую чаргу ацанілі гібкасць і здольнасць банка падладжваца пад патрабаванні нашых кліентаў, якія змяняюцца пад уздзеяннем розных фактараў. Ва ўмовах пандэміі COVID-19 мы аднымі з першых банкаў у краіне распрацавалі і пачалі прымяняць на практыцы сістэму фінансавай падтрымкі як рознічных, так і карпаратыўных кліентаў.

Акрамя таго, банк імкнецца максімальна эфектыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі. Так, у мінулым годзе мы запусцілі сэрвіс аплаты праезду ў метро на падставе сістэмы распазнання твараў Glance and Pay - інавацыйны пілотны праект, які дазваляе ідэнтыфікаваць пасажыра і ажыццяўляць аплату праезду ў рэжыме рэальнага часу.

Вялікім попытам таксама карыстаецца тэхналогія зняцця наяўных сродкаў трымальнікамі карт Беларусбанка праз гандлёвыя кропкі - на пачатковым этапе такая паслуга даступна ў гандлёвых кропках, размешчаных у сельскай мясцовасці, малых пасёлках.

— Банк добра вядомы сваімі сацыяльнымі ініцыятывамі. Будуюцца дамы сямейнага тыпу, ажыццяўляецца падтрымка аховы здароўя, спорту і культуры. У чым заключаецца сёння сацыяльная адказнасць найбуйнейшай фінансавай установы?

— Мы заўсёды захоўвалі сацыяльную накіраванасць бізнесу. Напрыклад, адна з апошніх нашых значных ініцыятыў у рамках праекта «Вектар дабрыні» – гэта ўдзел у рэспубліканскай акцыі #ДзякуйМедыкам. Для ўрачоў, якія ўжо на працягу амаль года знаходзяцца на перадавой у барацьбе з каранавірусам, каманда банка перадала сродкі індывідуальнай абароны і аказала спонсарскую дапамогу ўстановам аховы здароўя Мінска, Магілёва, Бабруйска, Быхава, Касцюковічаў, Краснаполля і інш. Мы будзем усяляк падтрымліваць нашых урачоў, асабліва пакуль пандэмія не адступіцца, не стамляючыся пры гэтым гаварыць ім дзякуй за іх самаадданую працу.

Яшчэ адзін не менш важны прыклад сацыяльнай арыентаванасці — наш праект «Бацькоўскі дом». Першапачаткова ён задумваўся як будаўніцтва катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, але паступова мы прыйшлі да таго, што не проста перадаём гэтыя дамы, але і працягваем падтрымліваць сем’і, удзельнічаць у выхаванні і сацыялізацыі дзяцей, якія жывуць у іх. Сёння нашы падапечныя, а гэта 135 дзетак, жывуць у 16 катэджах па ўсёй краіне. 17-ы дом хутка з’явіцца ў Верхнядзвінску.

У агульным, як Вы правільна заўважылі, у рамках 5 дабрачынных праектаў мы актыўна падтрымліваем ініцыятывы ў розных сферах. Банк неаднаразова адзначаецца ўзнагародамі за рэалізацыю гэтых праектаў у рамках карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Гэта пацвярджае той факт, што бізнес і арыентацыя на прыбытак - не ўсё, чым жыве банк. Мы разумеем усю ступень адказнасці банка нумар адзін, таму даражым і сваёй рэпутацыяй, і міжнароднымі рэйтынгамі.

— Віктар Міхайлавіч, вы таксама з’яўляецеся сенатарам. Калі прааналізаваць звароты, якія паступаюць падчас прыёму грамадзян з боку жыхароў вашай выбарчай акругі, то якім праблемам прысвечана іх асноўная маса? Пытанні часцей датычацца банкаўскай сферы або ўсё ж грамадзян больш хвалююць лакальныя бытавыя праблемы?

— Думаю, што 50 на 50. Нягледзячы на першараднасць нейкіх асабістых бытавых пытанняў, людзі падчас прыёмаў грамадзян усё-такі не губляюць магчымасць спытаць у мяне, як кіраўніка банка, пра якія-небудзь фінансавыя інструменты. Часта, канешне, цікавяцца варыянтамі крэдытавання будаўніцтва ўласнага жылля. У апошні час нямала пытаюць і пра махляроў, якія вельмі актывізаваліся ў канцы мінулага года. Для многіх людзей сенатар — гэта свайго кшталту «праваднік» паміж іх інтарэсамі і выканаўчай уладай, у чыёй асобе яны жадаюць убачыць падтрымку і, магчыма, атрымаць экспертнае меркаванне.

— У сваёй дзейнасці і як кіраўнік банка, і як сенатар Вы вялікую ўвагу надаеце развіццю спорту і фізічнай культуры, актыўна ўдзельнічаеце ў абсталяванні невялікіх раёных цэнтраў адпаведным інвентаром і пляцоўкамі. У бягучым годзе гэтыя прыярытэты захаваюцца?

— Пастаянна вывучаючы праблемы малых гарадоў, я ўпэўнены, што такія пляцоўкі (абсталяваныя вулічнымі трэнажорамі або прыстасаваннямі для заняткаў варкаўтам) — хай і не стопрацэнтнае, але ўсё ж рашэнне праблемы вольнага часу для мясцовых жыхароў. Мабыць, з такіх рэчаў і пачынаецца любоў да спорту і здаровага ладу жыцця. Магчыма, дзякуючы такім пляцоўкам чые-небудзь дзеці стануць менш часу праводзіць за гаджэтамі, пачнуць развіваць сілу і трываласць і, у рэшце рэшт, паспрабуюць сябе ў вялікім спорце. Адным словам, гэту ініцыятыву я лічу вельмі важнай і карыснай для павышэння якасці жыцця ў малых гарадах і, адназначна, планую развіваць яе і далей.

— Вас можна аднесці да тых прадстаўнікоў улады, якія акрамя традыцыйных каналаў камунікацый са сваёй аўдыторыяй актыўна выкарыстоўваюць сацыяльныя медыя. З вашага вопыту, наколькі яны эфектыўныя?

— Паколькі мае акаўнты з’явіліся не так даўно, то глабальна ацаніць іх эфектыўнасць заўчасна. Але мяркуючы па тым, што яны пастаянна прырастаюць новымі падпісчыкамі, магу сказаць, што дадзены інструмент камунікацый дакладна запатрабаваны. У нашым грамадстве ўжо сфарміравалася аўдыторыя, якая ў сілу прыхільнасці да тэхналогій і з прычыны шалёнага тэмпу жыцця замест традыцыйных каналаў камунікацый абіраюць лаканічнасць і аператыўнасць стужак навін сацыяльных сетак. У першую чаргу я маю на ўвазе актыўных людзей ва ўзросце ад 25 да 45 гадоў (яны, дарэчы, складаюць 76% падпісчыкаў маіх акаўнтаў). Я ўсведамляю, што як сенатар павінен быць максімальна адкрытым. І калі частка маёй аўдыторыі аддае перавагу такому каналу камунікацый, як сацыяльныя сеткі, значыць, я павінен быць і там.