Сябры! Усе мы чакаем, што новы год парадуе пазітывам і добрымі падзеямі. А каб наша чаканне было плённым, вырашылі стварыць адпаведны настрой і сабе, і вам.
Апошні нумар 2020-га — гэта як раз пра настрой і пра тое, што яго стварае — падарункі і чаканне цудаў. І няважна, вы больш аматар дарыць падарункі або любіце іх атрымліваць, дарагія або крэатыўныя, тэхналагічныя або з душой — любое з гэтых дзеянняў звязана з абменам дабром. А дабра шмат не бывае, як і кахання і ўвагі.
У гэтым нумары наша гераіня Анастасія Парфёнава, псіхолаг, прадпрымальнік і блогер, раскажа, ці варта пачынаць новае жыццё са студзеня, а маці-выхавацель дзіцячага дома сямейнага тыпу з Оршы Святлана Дашкевіч падзеліцца сваімі думкамі аб тым, як рэаніміраваць душы дзяцей, якія засталіся без бацькоў.
Многа ўсяго знойдзеце пра падарункі. Напрыклад, ці варта інвесціраваць у золата і манеты. Абавязкова пачытайце разважанні нашага журналіста аб дарэнні падарункаў і заадно акуніцеся ў гісторыю таго, як ёлка стала галоўным атрыбутам Новага года.
Бонусам для вас — інтэрв’ю са стылістам Аленай Латышавай, якая дала парады, як сабраць капсульны гардэроб і сэканоміць грошы і месца ў шафе. Наша традыцыйная рубрыка «А як у іх?» таксама прысвечана галоўнаму святу года.
Спадзяёмся, вам спадабаецца. І да новых сустрэч.
Аддзел камунікацый