Навіны банка і прэс-рэлізы
17.11.2020

Аб дзяржаўнай сістэме жыллёвых зберажэнняў. Меркаванне банка

Дырэктар дэпартамента рознічнага бізнесу «Беларусбанка» Ігар Руды прыняў удзел у круглым стале ў прэс-цэнтры БЕЛТА, тэмай якога стала дзяржаўная сістэма будаўнічых зберажэнняў.

Напрыканцы кастрычніка ў нашай краіне быў падпісаны ўказ №382 "Аб дзяржаўнай сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў". Нюансы ўказа Ігар Руды абмеркаваў з прадстаўнікамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Сутнасць сістэмы будзберажэнняў заключаецца ў магчымасці накапіць пэўную суму ва ўкладзе і стаць уладальнікам жылля. Акрамя працэнтаў па ўкладзе чалавек будзе атрымліваць дзяржаўную прэмію (10% гадавых ад стаўкі рэфінансавання). Пасля накапляльнага перыяду можна будзе ўзяць крэдыт. Стаўка па ім не будзе перавышаць працэнты па ўкладзе больш чым на 3%. Важны нюанс — прэмія выплачваецца на працягу не больш чым 5 гадоў. Пры далейшым накапленні прэміі не будзе.

Для «Беларусбанка» гэту сістэму нельга назваць абсалютна новай. З 1 ліпеня 2006 года наш банк прымае грошы ва ўклады ў рамках сістэмы будаўнічых зберажэнняў. Памер даходнасці па дэпазітах устаноўлены ў памеры стаўкі рэфінансавання, стаўка па крэдыце складае памер стаўкі рэфінансавання плюс 1%.

— «Беларусбанк» стварыў свой прадукт чыста ў рамках банкаўскага заканадаўства, ён быў запатрабаваны, асабліва на пачатковай стадыі. Больш за 5,5 тыс. чалавек пабудавалі жыллё ў рамках  гэтай праграмы, і мы атрымалі станоўчыя водгукі, - адзначыў Ігар Руды.

У новай сістэме ёсць пэўныя адрозненні ад праграмы «Беларусбанка». Па новых правілах, сістэма будзберажэнняў будзе закрытай, г.зн. у ёй будуць выкарыстоўвацца непасрэдна грошы грамадзян, якія вырашылі накапліваць сродкі ў банку і затым будаваць жыллё. Раней сістэма была адкрытая, банк сам выршаў, за кошт якіх сродкаў выдзяляць крэдыты.

Ігар Руды ўдакладняе, што банкі яшчэ павінны будуць прыняць нарматыўныя дакументы — правілы, у адпаведнасці з якімі яны будуць заключаць дагаворы з удзельнікамі сістэмы будаўнічых зберажэнняў.

— У адпаведнасці з гэтымі правіламі будуць вызначаны асноўныя пастулаты. Самае важнае — гэта памер працэнтнай стаўкі на стадыі накаплення. Будзе прадугледжвацца магчымы варыянт па дамове бакоў яе змяніць у большы ці меншы бок. Будзе агавораны памер даходнасці банка па крэдыце, умовы выхаду з сістэмы жыллёвых будаўнічых зберажэнняў, у тым ліку датэрміновага выхаду, — патлумачыў дырэктар дэпартамента рознічнага бізнесу.

Ва ўказе прапісана, што накапіць у банку неабходна не менш за 30% ад дагаворнай сумы. Па папярэдняй ацэнцы «Беларусбанка», для больш выгадных умоў неабходна будзе накапіць уласныя сродкі ў памеры 45-50%.

Ва ўсіх павінна быць разуменне, што чым менш парогавае значэнне накаплення ў долі, напрыклад, 30%, тым больш будзе перыяд накаплення і чакання даты заключэння крэдытнага дагавору, — адзначыў Ігар Руды.

Па папярэдняй ацэнцы, накапляльны перыяд складзе 4,5-5,5 гадоў, пасля гэтага грамадзяне могуць выкарыстаць накопленыя сродкі на набыццё або будаўніцтва жылля.

 Аддзел камунікацый

 

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!