У Шанхаі з 5 па 10 лістапада прайшла найбуйнейшая выстава імпарту China International Import Expo 2020. У трэцім па ліку міжнародным выставачным мерапрыемстве прыняў удзел старшыня прадстаўніцтва «Беларусбанка» ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Павел Ладзік. За тры гады развіцця выстава CIIE ужо стала маштабнай платформай па міжнародных закупках, садзеянні інвестыцыям і кантактам прадаўцоў і пакупнікоў з усяго свету. Выстава адыгрывае важную ролю не толькі ў камерцыйным плане, але і мае значэнне ў сферы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама дыпламатычнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння.
Відавочна, што мерапрыемства мае вялікае значэнне для ўдзельнікаў, бо дзякуючы яму ўсё больш кампаній пачынаюць супрацоўніцтва з кітайскім рынкам, атрымліваючы шматмільённыя кантракты. Беларусь не выключэнне: у мінулым годзе падчас выставы былі падпісаны кантракты амаль на 173 мільёны долараў.
У гэтым годзе ўдзельнікамі міжнароднай выставы сталі партнёры «Беларусбанка»: Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» і ААТ «Слодыч».
У сваю чаргу, «Беларусбанк» нацэлены на пашырэнне падтрымкі гандлю паміж Беларуссю і Кітаем і павелічэнне экспартных паставак беларускіх кампаній.
Банк прапануе сваім кліентам шырокі комплекс фінансавых і нефінансавых паслуг, уключаючы вырашэнне сітуацый з затрымкай плацяжоў па знешнегандлёвых кантрактах з боку кітайскіх банкаў, пошук патэнцыяльных партнёраў для бізнесу, а таксама садзеянне ўдзелу ў выставах на тэрыторыі Кітая.