У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея 16 кастрычніка адкрылася другая выстава праекта «Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь», генеральным партнёрам якога выступае «Беларусбанк».
Мінчане і госці горада паспелі пазнаёміцца з праектам яшчэ летам: першая экспазіцыя з канца чэрвеня размяшчаецца на агароджы Парка культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў на сталічным праспекце Незалежнасці. На вялікіх фотабанерах усе жадаючыя могуць убачыць каштоўнасці з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея: нацыянальны касцюм, манеты, зброя, прадметы рэлігіёзнага культу, творы выяўленчага мастацтва, кнігі, вырабы з каштоўных металаў, узнагароды, музычныя інструменты і многае іншае.
Ініцыятыва атрымала шмат станоўчых водгукаў, таму было вырашана развіваць яе. Другая выстава не прымусіла сябе чакаць: гэта 26 банераў з яркімі фотаздымкамі і суправаджальнай тэкставай інфармацыяй на беларускай, рускай і англійскай мове.
«Мы пачалі супрацоўнічаць з галоўным музеем нашай краіны ў сакавіку гэтага года, падпісалі адпаведны мемарандум і за даволі кароткі прамежак часу паспелі рэалізаваць шэраг цікавых праектаў. Першая экспазіцыя «Рарытэтаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь» палюбілася мінчанам і гасцям горада, а другая выстава стала лагічным працягам супрацоўніцтва «Беларусбанка» і музея, – адзначыў начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця «Беларусбанка» Дзмітрый Бакіноўскі. – Чым больш людзей даведаюцца аб тым, якія каштоўнасці захоўваюцца ў музейных фондах, чым шырэй будзе аўдыторыя, да якой мы данясём веды пра нашу гісторыю і культуру, тым з большай упэўненасцю можна гаварыць, што мэта супрацоўніцтва нашага банка і Нацыянальнага гістарычнага музея дасягнута. Думаю, наперадзе ў нас яшчэ шмат выдатных сумесных праектаў, накіраваных на захаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі – таго, што аб’ядноўвае наш народ».
Аўтары праекта «Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь» Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў і Алег Ладзісаў.