Навіны банка і прэс-рэлізы
07.09.2020

Абяцалі – зрабілі. Сэрвіс TIX даступны ва ўсім наземным грамадскім транспарце Мінска

Аплаціць праезд смартфонам цяпер можна ва ўсіх аўтобусах, электробусах, тралейбусах і трамваях беларускай сталіцы. Сэрвіс TIX укараніў «Беларусбанк» сумесна з кампаніяй «Сістэмныя тэхналогіі» і прадпрыемствам «Мінсктранс».

Галоўныя перавагі сучаснай тэхналогіі — надзейнасць аплаты і гарантаванае спісанне сумы пры націсканні за 1 паездку. Аперацыя не адкладваецца і праводзіцца ў рэальным часе.

«Разам з гарадскімі ўладамі і кампаніяй-распрацоўшчыкам мы дамовіліся, што з новага навучальнага года сэрвіс па бескантактавай аплаце TIX запрацуе ва ўсім наземным грамадскім транспарце Мінска. І гэта было зроблена. Нас радуе той факт, што новы сэрвіс аплаты праезду аказаўся запатрабаваным. Для нас важна было ўлічыць пажаданні карыстальнікаў, што дазволіла нам дапрацаваць і дапоўніць функцыянал сэрвісу», - адзначыў намеснік старшыні праўлення «Беларусбанка» Дзмітрый Грышчанкоў. Такім чынам, сёння сэрвіс даступны ў салонах усіх 2,5 тыс. адзінак рухомага саставу сталіцы.

Нагадаем, такі спосаб аплаты ўкараніла ў маі для пасажыраў сталічных аўтобусаў № 100 і № 1. Пасля абкаткі сістэмы і ўліку пажаданняў карыстальнікаў магчымасць купіць электронны білет з’явілася ў трамваях, а пазней у электробусах. Важна, што карыстальнікі ацанілі навінку за камфорт і надзейнасць. За гэты час жыхары і госці Мінска набылі ўжо каля 50 тысяч білетаў.

Пілотны праект быў запушчаны ў 2018 годзе ў Брэсце. Аб запатрабаванасці навінкі гавораць лічбы. За гэты час у грамадскім транспарце абласнога цэнтра з дапамогай смартфона было набыта больш за 340 000 білетаў.

Праект аплаты праезду ў грамадскім транспарце рэалізаваны сумесна з кампаніяй АССІСТ - партнёрам банка па аказанні паслуг інтэрнэт-плацяжоў.

 Як працуе сэрвіс

Каб скарыстацца сэрвісам, пасажыру неабходна спампаваць у GooglePlay або AppStore дадатак TIX і прывязаць да яго сваю банкаўскую карту: Visa, MasterCard, БЕЛКАРТ. Сэрвіс прадстаўлены на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах.

Аплаціць білет можна прама на прыпынку, калі патрэбны транспарт яшчэ толькі пад’язджае. У дадатку адлюструюцца нумар маршруту і прапанова здзейсніць аплату. Набыццё электроннага праязнога білета і аплата праезду могуць быць таксама здзейснены ў салоне транспартнага сродку шляхам націскання кнопкі «Аплаціць» у інтэрфейсе дадатку насупраць адпаведнага нумару маршруту.

Аддзел камунікацый