Навіны банка і прэс-рэлізы
11.08.2020

«Беларусбанк» і швейцарскі банк UBS Switzerland AG фінансуюць набыццё электрацягнікоў Stadler для БЧ коштам больш за 90 млн еўра

11 жніўня ў рамках дзеючага міжбанкаўскага крэдытнага пагаднення, заключанага паміж «Беларусбанкам» і найбуйнейшым швейцарскім банкам UBS Switzerland AG на суму каля 90 млн еўра, здзейснена першая выбарка крэдыту.

Сродкі ў памеры больш за 15 млн еўра прызначаны ў тым ліку для аплаты першай партыі чарнавых кузаваў цягнікоў, фінішная зборка якіх будзе здзейснена на базе «Штадлер Мінск». 

Прадпрыемства ўжо запусціла вытворчасць дзесяці пяцівагонных саставаў FLIRT для БЧ. Увод у эксплуатацыю першага новага электрацягніка міжрэгіянальных чыгуначных ліній запланаваны ў ліпені 2021 года.

Ва ўмовах каранавірусных абмежаванняў «Беларусбанк» і UBS Switzerland AG прыклалі максімальныя намаганні для структуравання здзелкі і заклалі трывалую фінансавую аснову для забеспячэння выканання контрагентамі ўмоў кантракту ў акрэсленыя тэрміны.

Неардынарнасць здзелкі, якая прадугледжвае разлікі ў беларускіх рублях паміж двума рэзідэнтамі Беларусі, адлюстравалася на структураванні механізмаў разлікаў і выбарак у міжбанкаўскім крэдытным пагадненні, якое  было заключана 20 ліпеня.

Крэдытныя рэсурсы прадастаўляюцца швейцарскім банкам пад страхавое пакрыццё Швейцарскай арганізацыі па страхаванні экспартных рызык (SERV).

Даведка: «Штадлер Мінск» прадпрыемства швейцарскага канцэрна Stadler і рэзідэнт свабоднай эканамічнай зоны «Мінск». Завод Stadler знаходзіцца ў горадзе Фаніпаль. Там выкарыстоўваюцца самыя перадавыя тэхналогіі для вырабу адна- і двухпавярховых, электрычных і дызель-электрычных цягнікоў, трамваяў і метро. Завод вырабляе і пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, Еўропы і Лацінскай Амерыкі.