У Вене прайшоў аўстрыйска-беларускі бізнес-форум. Мерапрыемства арганізавана Беларускай гандлёва-прамысловай палатай сумесна з Федэральнай палатай эканомікі Аўстрыі. Галоўныя тэмы форуму - пытанні двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, інструменты банкаўскай падтрымкі гандлёвых аперацый дзвюх краін.
У складзе дэлегацыі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў Беларусі ўдзел у форуме прыняў старшыня праўлення «Беларусбанка» Віктар Ананіч. Кіраўнік найбуйнейшага банка краіны на палях бізнес-форуму выступіў у якасці спікера ў рамках секцыі «Фінансы».
Па словах старшыні праўлення, гісторыя супрацоўніцтва з аўстрыйскімі банкамі налічвае больш за 15 гадоў. За гэты час прыцягнута доўгатэрміновых аўстрыйскіх крэдытаў на агульную суму каля 25 млн еўра, выпушчана больш за сотню акрэдытываў на суму каля 60 млн еўра.
На фота: Старшыня праўлення «Беларусбанка» Віктар Ананіч сустракаецца з прадстаўнікамі аўстрыйскага бізнесу.
У рамках візіту ў Вену кіраўніцтва «Беларусбанка» правяло плённыя перагаворы з Аўстрыйскім Кантрольбанкам, па выніках якіх падпісаны мемарандум аб далейшым развіцці супрацоўніцтва. Найбуйнейшы банк Беларусі зробіць далейшыя крокі па крэдытаванні беларускіх прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць імпарт аўстрыйскіх тавараў і паслуг, з выкарыстаннем рэсурсаў, што прыцягваюцца на выгадных умовах.
На фота: Мемарандум падпісваюць старшыня праўлення «Беларусбанка» Віктар Ананіч і Член Праўлення АЕКБ Хельмут Бернкопф.
Вынікам аўстрыйска-беларускага форуму стала падпісанне двухбаковых пагадненняў і камерцыйных кантрактаў.
На думку экспертаў, гэты эканамічны форум з'яўляецца важнай падзеяй у палітычным і эканамічным жыцці абедзвюх краін. Гэта выдатная магчымасць усталяваць бізнес-кантакты, пагаварыць аб эканамічным становiшчы ў Беларусі на самым высокім узроўні. Мерапрыемства таксама паспрыяе ўсталяванню далейшых даверных адносін. Усё гэта стане магчымым, у тым ліку і дзякуючы афіцыйнаму візіту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Аўстрыю.
Аддзел камунікацый