Навіны банка і прэс-рэлізы
23.04.2019

«Беларусбанк» падвёў вынікі працы за I квартал

Праўленнем «Беларусбанка» падведзены вынікі фінансавай дзейнасці па выніках 3 месяцаў 2019 года. У цэлым паспяхова выконваюцца запланаваныя паказчыкі развіцця, чым пацвярджаецца ўпэўненасць у выкананні гадавых паказчыкаў, зацверджаных Стратэгіяй развіцця да 2021 года. На працягу перыяду банк выконваў усе нарматывы бяспечнага функцыянавання.

itogi-1-kvartal-1

«Варта адзначыць, што банк захоўвае лідзіруючыя пазіцыі па асноўных напрамках у банкаўскім сектары. Практычна ўсе запланаваныя на гэты перыяд паказчыкі выкананы, забяспечана станоўчая дынаміка рэнтабельнасці капіталу і рэнтабельнасці дзейнасці, перавыкананы план прыбытку», - адзначыў першы намеснік старшыні праўлення Аляксандр Паліўка.

itogi-1-kvartal-2

Па выніках працы за I квартал банкам атрыманы прыбытак у памеры 63 млн  рублёў. На долю банка прыпадае 41,3% рэсурснай базы ў банкаўскім сектары і 47% патрабаванняў банкаў да эканомікі, што дазваляе забяспечыць стабільнае функцыянаванне і паслядоўную рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі. За 3 месяцы рэнтабельнасць дзейнасці склала 10,5%.

Асноўныя паказчыкі па напрамку рознічнага бізнесу выкананы. З лютага ажыццяўляецца выпуск віртуальнай карты. Паказаў сваю эфектыўнасць сумесны праект з РУП «Белпошта». Прыярытэтнымі задачамі па гэтым накірунку па-ранейшаму застаюцца ўмацаванне лідзіруючых пазіцый на рынку і павышэнне якасці абслугоўвання. 

itogi-1-kvartal-3

У частцы карпаратыўнага бізнесу выкананы ўсе мерапрыемствы, прадугледжаныя збалансаванай сістэмай паказчыкаў стратэгічнага развіцця банка. Паспяхова рэалізуецца праграма «МОСТ». Аб'ём выдачы крэдытных сродкаў у рамках праграмы за 1 квартал склаў Br110,0 млн. З мэтай стымулявання прадпрымальніцкай дзейнасці банк падтрымаў развіццё бізнесу на тэрыторыі гарадоў-спадарожнікаў, а таксама ў Оршы і Аршанскім раёне, прапанаваўшы сегменту МСБ лаяльныя ўмовы крэдытавання.

itogi-1-kvartal-4

У першым квартале была прадоўжана актыўная работа па прыцягненні замежных крэдытных ліній ад міжнародных фінансавых інстытутаў - партнёраў банка. Аб'ём крэдытных рэсурсаў, прыцягнутых ад замежных банкаў і фінансавых кампаній па стане на 1 красавіка, склаў каля 1,8 млрд долараў ЗША ў эквіваленце. Названыя рэсурсы накіраваны на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў прадпрыемстваў. Сёння стратэгічная задача па напрамку міжнароднага бізнесу - транзакцыйны бізнес.

Для стабільнай і рэнтабельнай працы банка ў другім квартале і ў цэлым па годзе запланавана ўкараненне шэрагу распрацовак па асноўных бізнес-напрамках, у тым ліку па лічбавых тэхналогіях, а таксама рэалізацыя задач па нарошчванні камісійнага і іншага банкаўскага прыбытку, пашырэнне кліенцкай базы. 

Аддзел камунікацый