У Любанскім раёне пачаўся этап праходкі ствалоў Нежынскага ўчастка Старобінскага радовішча калійных солей. «Слаўкалій» першым у Еўропе пачынае бурэнне шахт калійных радовішчаў безузрыўным метадам. У цырымоніі, прымеркаванай запуску бурэння шахт калійных радовішчаў, прынялі ўдзел намеснік Старшыні Наглядальнага савета «Беларусбанка», Міністр эканомікі краіны Дзмітрый Крутой, Старшыня Праўлення банка Віктар Ананіч і намеснік Старшыні Праўлення Аляксандр Паліўка.
Адзін з найбуйнейшых у Беларусі інвестыцыйных праектаў «Будаўніцтва горна-абагачальнага комплексу» рэалізуецца з крэдытнай падтрымкай «Беларусбанка».
Акрамя сучаснага камбіната па здабычы і перапрацоўцы калійнай руды кампанія «Слаўкалій» пабудуе неабходныя знешнія інжынерныя збудаванні, у тым ліку чыгуначнае адгалінаванне, аўтамабільную дарогу, газаправоднае адгалінаванне, адвод лініі электраперадачы і водазабор.
Праект з прымяненнем найноўшых тэхналогій і тэхнічных дасягненняў дазволіць умацаваць пазіцыі краіны ў якасці аднаго з вядучых экспарцёраў калійных угнаенняў, забяспечыць дадатковыя валютныя паступленні і занятасць насельніцтва са стварэннем 1500 новых працоўных месцаў.
Даведачна:
Як паведамлялася, у верасні 2015 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў урачыста заклалі капсулу ў гонар азнаменавання пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната на базе Старобінскага радовішча калійных солей. Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 млн т хларыду калію ў год.
Аддзел камунікацый