«Беларусбанк» выступіў генеральным партнёрам Публічных слуханняў сацыяльна адказных кампаній, якія прайшлі сёння ў Мінску. Арганізаваў мерапрыемства мясцовы сацыяльны фонд «Дабра» сумесна з Праграмай развіцця ААН.
— Сацыяльныя праекты могуць быць больш эфектыўнымі, калі бізнес больш уцягнуты ў іх, — расказала на адкрыцці мерапрыемства нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі Марыяна Шчоткіна. — Але нам важна цяпер пачуць, як самі прадпрымальнікі бачаць свой удзел. Бо гэта выгадна ўсім. Для кампаній - таму што спрыяе павышэнню іміджу, людзям - таму што пашырае крыніцы фінансавання сацыяльных праектаў. Нам трэба абагульняць вопыт, рыхтаваць спецыялістаў, паказваць паспяховыя сацыяльна адказныя кампаніі. Адна з галоўных мэт Павесткі-2030 - павышэнне якасці і ўзроўню жыцця людзей.
— Падтрымаўшы гэта мерапрыемства, мы ў чарговы раз падкрэсліваем, наколькі важна для «Беларусбанка» адказнае вядзенне бізнесу. І ўпэўнены, што ўсе прысутныя ў гэтай зале гэтак жа, як і мы, раздзяляюць Мэты ўстойлівага развіцця, — адзначыла ў сваім прывітальным слове намеснік Старшыні Праўлення «Беларусбанка» Таццяна Міхайлоўская.
Член Праўлення Банка дадала, што ўвасабляць у жыццё палітыку ў галіне КСА «Беларусбанк» пачаў яшчэ ў 2016 годзе. «Але і да гэтага моманту наш банк рэалізоўваў мноства сацыяльных ініцыятыў, — рэзюмавала Таццяна Міхайлоўская. — Розніца толькі ў тым, што зараз уся гэтая дзейнасць набыла сістэмнасць. Мы лічым, што ў рэалізацыі дабрачынных праектаў выйшлі на новы ўзровень - не проста іх фінансуем, а робім так, каб яны працягвалі жыць уласным жыццём. Яркі прыклад - праект «Беларусбанк. Бацькоўскі дом». Першапачаткова ён быў задуманы як будаўніцтва катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, але паступова мы прыйшлі да таго, што не проста перадаем гэтыя дамы, але і працягваем падтрымліваць сем'і, удзельнічаць у выхаванні і сацыялізацыі дзяцей, якія жывуць у іх. Сёння нашы падапечныя жывуць у 16 катэджах па ўсёй краіне. Нядаўна прынялі рашэнне, што 17-ы катэдж пабудуем у Віцебскай вобласці».
Больш падрабязна на спецыфіцы гэтага праекта спікер спынілася на кейс-секцыі, падчас якой кампаніі прэзентавалі свае сацыяльныя праекты.
Пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі таксама адзначыла дасягненні Беларусі ў частцы супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага сектара ў гэтым пытанні. «Задача форуму - сканцэнтравацца на ролі прыватнага бізнесу, які выконвае значную ролю ў дасягненні МУР. Убачыць кампаніі, якія могуць падтрымліваць праекты ў галіне аховы здароўя, адукацыі, аховы навакольнага асяроддзя, развіцця новых тэхналогій», – патлумачыла яна.
Ацэньваць уклад канкрэтнай кампаніі ў дасягненне Мэт устойлівага развіцця плануюць з дапамогай Індэкса сацыяльнай адказнасці бізнесу, расказаў удзельнікам слуханняў дырэктар мясцовага сацыяльнага фонду «Дабра» Аляксандр Скрабоўскі. «Індэкс дадасць спаборніцкі момант у працэс уключэння бізнесу ў сацыяльную адказнасць і дасягненне Мэт устойлівага развіцця ў Беларусі. Ён не прэтэндуе на вычарпальную ацэнку, а дазволіць непадрыхтаванаму чалавеку суаднесці намаганні і заявы кампаній у дачыненні да іх удзелу ў жыцці грамадства. Акрамя таго, стварэнне індэкса дазволіць у выніку атрымаць нацыянальны індыкатар развіцця сацыяльнай адказнасці бізнесу», — растлумачыў Аляксандр Скрабоўскі.
Ацэньвацца кампаніі будуць на падставе інфармацыі з адкрытых крыніц па чатырох групах крытэрыяў: працоўныя адносіны і правы чалавека, добрасумленныя дзелавыя практыкі, спажыўцы і ўдзел у жыцці супольнасцей, навакольнае асяроддзе.
Аддзел камунікацый ААТ «ААБ Беларусбанк