Шматгадовае дзелавое супрацоўніцтва ААТ «ААБ Беларусбанк» і «Эксімбанк» Славацкай Рэспублікі актыўна развіваецца як у крэдытна-фінансавай, так і ў страхавой сферах.
Аб магчымасцях далейшага ўмацавання дзелавых кантактаў ішла размова на сустрэчы кіраўніцтва «Беларусбанка» са славацкімі партнёрамі, якая адбылася 30 мая ў Мінску.
Па словах Аляксандра Паліўка, «Беларусбанк» зацікаўлены як у арганізацыі міжбанкаўскіх пазык пад страхавое пакрыццё «Эксімбанка», так і ў непасрэдным фінансаванні з боку славацкіх партнёраў, у тым ліку і гандлёвага фінансавання.
Бакі абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў крэдытна-інвестыцыйнай сферы, а таксама па лініі малога і сярэдняга бізнесу і выказалі гатоўнасць вызначыць рэальныя праекты на самую блізкую перспектыву.
У цэлым, вынікам шматгадовага плённага двухбаковага ўзаемадзеяння стала рэалізацыя 17 праектаў пад страхавое пакрыццё «Эксімбанка» Славакіі ў такіх сферах, як: прамысловасць, сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць і іншыя накірункі на агульную суму 33 млн еўра. І гэта не мяжа - упэўнены партнёры.
На фота: намеснік начальніка секцыі кіравання рызык і фінансаў «Эксімбанка» Марэк Мелішэк, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Йозэф Мігаш, Старшыня «Эксімбанка» Моніка Кохутава, в.а. Старшыні Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Аляксандр Паліўка, намеснік Старшыні Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Віктар Перапяліца, выканаўчы дырэктар ААТ «ААБ Беларусбанк» Дзмітрый Грышчанкоў, дырэктар дэпартамента міжнароднага бізнесу ААТ «ААБ Беларусбанк» Міхаіл Кулічкоў.
Кіраўнік «Эксімбанка» пакінула запіс у Кнізе Ганаровых гасцей.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»