Навіны банка і прэс-рэлізы
14.11.2017

Беларусбанк устанавіў банкамат для невідушчых людзей (прэс-рэліз)

Банкамат для невідушчых карыстальнікаў і людзей са слабым зрокам, абсталяваны спецыяльным маўленчым інфарматарам, устаноўлены ў Гомелі.

«Карыстацца банкаматам могуць усе жадаючыя - прылада знешне нічым не адрозніваецца ад іншых, - патлумачыў начальнік аддзела банкаўскіх плацежных картак філіяла № 300 Гомельскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Аляксей Далікатны. - Спецыяльна для карыстальнікаў са слабым зрокам устаноўлены чорна-белы экран з больш буйным памерам шрыфту. Для невідушчых прадугледжана спецыяльнае гняздо для падключэння навушнікаў. Усе аперацыі, якія праводзяцца: зняцце наяўных, прагляд балансу і выпіска з рахунку, пакрокава агучвае аўдыягід».

bankomat

bankomatnez

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі ГА «БелТІЗ» Аляксандр Балдуеў адзначыў, што ўкараненне ў жыццё сучасных банкаўскіх тэхналогій адкрывае для людзей з парушэннямі зроку новыя магчымасці.

Гэта першы банкамат для невідушчых людзей і людзей са слабым зрокам, устаноўлены ў Гомелі і вобласці па сацыяльным праекце стварэння безбар'ернага асяроддзя.

Устанаўленне банкамата адбылося напярэдадні Міжнароднага дня сляпога чалавека падчас правядзення абласнога месячніка «Чалавек з белым кіем». Рэалізацыя праекта - яшчэ адно сведчанне сацыяльнай адказнасці бізнесу «Беларусбанк».

Па словах кіраўніцтва ААТ «Беларусбанк», пасля аналізу запатрабаванасці падобных прылад банк будзе разглядаць мэтазгоднасць іх устаноўкі ў іншых раёнах горада і вобласці.

У бліжэйшай перспектыве плануецца з'яўленне падобных прылад у Жлобіне і Рэчыцы.

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»