У мінулыя выхадныя ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту Раўбічы адбылася XI Рэспубліканская зімовая спартакіяда ААТ «ААБ Беларусбанк». Спаборніцтвы прайшлі па розных відах спорту. Шашкі, шахматы, валейбол, айсшток, дартс, настольны тэніс, лыжныя гонкі, лыжная эстафета, біятлон – у ліку самых папулярных у банку.
«Правядзенне падобных мерапрыемстваў стала ўжо добрай традыцыяй для нашага банка. Цяперашняя спартакіяда прысвечана яго 95-годдзю. Можна сказаць, што яна адкрывае праграму святкавання гэтай даты», – адзначыў у прывітальным слове ўдзельнікам на цырымоніі адкрыцця намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Мельнік.
Кіраўнік падкрэсліў, што ў банку праводзіліся і надалей будуць праводзіцца спартыўныя святы, паколькі гэта садзейнічае папулярызацыі здаровага ладу жыцця і ўмацаванню духу карпаратыўнасці. «Мы разам – каманда, нацэленая на поспех!» – сказаў Сяргей Мельнік.
Адкрыццё спартакіяды з урачыстым выхадам каманд, запальваннем “алімпійскага” огню і нават зваротам з космаса нашага знакамітага земляка, лётчыка-касманаўта Алега Навіцкага выдалася выключна яркім і запамінальным.
Поўнасцю падзяляючы словы «бацькі» сучасных Алімпійскіх гульняў барона П’ера дэ Кубертэна «Галоўнае не перамога, а ўдзел», спартакіяда ўсё ж пацвердзіла, што перамагае мацнейшы. Па суме балаў першай стала каманда філіяла № 500 – Мінскае ўпраўленне. На другую прыступку п’едэстала ўзнялася каманда філіяла № 200 – Віцебскае абласное ўпраўленне, а на трэцім месцы – дружына Галаўнога офіса.
На спартакіядзе не толькі ўдзельнікі турніраў, але і актыўныя балельшчыкі – калегі, сябры, члены сямей, многія з якіх упершыню пабывалі ў знакамітых Раўбічах і адкрылі для сябе гэты дзіўны куток Беларусі.
Сонечнае надвор’е, выдатная арганізацыя і камфортныя ўмовы правядзення спаборніцтваў стваралі па-сапраўднаму святочную атмасферу. Усе атрымалі зарад бадзёрасці і цудоўны настрой. Словам, прайграўшых не было.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»