На пашыраным пасяджэнні Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» абмеркавалі вынікі работы ў 2016 годзе, акрэслілі кропкі росту года бягучага, узнагародзілі лепшых.
Як адзначыў выконваючы абавязкі старшыні праўлення Аляксандр Паліўка, дзякуючы згуртаванай працы калектыву банк захаваў пазіцыі лідара на рынку і зарабіў рэкордны прыбытак у 155 млн рублёў, перавысіўшы запланаваны больш чым на 50%.
На фота: (злева направа) Сяргей Мельнік, намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», Ірына Лысакоўская, галоўны бухгалтар ААТ «ААБ Беларусбанк», Аляксандр Паліўка, выконваючы абавязкі старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», Таццяна Міхайлоўская, намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», Уладзімір Стрыхар, намеснік старшыні праўлення ААТ«ААБ Беларусбанк»
«Акрамя таго, у мінулым годзе нам удалося забяспечыць даступнасць нашых крэдытных рэсурсаў і ў многім нават фарміраваць трэнды на гэтым рынку. Мы ўкаранілі "Крэдытны канвеер", "Канструктар крэдытаў", запусцілі праграму "Мост", вялкім попытам карыстаецца наш "Клуб Аксаміт"», – дадаў кіраўнік.
Дарэчы, на карце «Аксаміт» сканцэнтравана 13,28 млн рублёў (удзельная вага ў агульным аб’ёме пенсіённых рахункаў 7%). На падобныя вынікі маюць права разлічваць таксама клубныя прадукты «#настарт» і «Карт-бланш», карта растэрміноўкі «Магніт», якую ў хуткім часе запусціць банк.
За мінулы год «Беларусбанк» значна нарасціў сваю долю на рынку крэдытавання малога і сярэдняга бізнесу. Станоўчым трэндам характарызуецца і спажывецкае крэдытаванне. За 2016 год доля банка на гэтым рынку прырасла і дасягнула ўзроўню банкаў, якія лідзіравалі раней.
У бягучым годзе ААТ «ААБ Беларусбанк» і далей будзе рабіць стаўку на IT.
«Важнай асаблівасцю работы банка ў гэтым годзе стане ўкараненне міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі, – падкрэсліла ў сваім дакладзе выканаўчы дырэктар Наталля Сакалова. – Мы павінны разумець, што з яе з’яўленнем кліенты атрымліваюць доступ да прадуктаў любога банка літаральна праз манітор свайго камп’ютара».
Таксама трэндам 2017 года застанецца цэнтралізацыя. У адпаведнасці з мерапрыемствамі дарожнай карты запланавана стварэнне цэнтра разлікаў і завяршэнне работы па раздзяленні на фронт- і бэкофісы ў рознічным бізнесе. Рэалізаваўшы ўсё гэта, банк атрымае скарачэнне аперацыйных выдаткаў і зможа не толькі захаваць дасягнутае ў 2016 годзе, але і палепшыць свае пазіцыі.
На пасяджэнні былі таксама падведзены вынікі рэспубліканскага спаборніцтва.
Сярод філіялаў абласных першае месца прысуджана філіялу № 400 – Гродзенскаму абласному ўпраўленню.
Сярод філіялаў першыя месцы дасталіся ЦБП № 616 у г. Жодзіна, ЦБП № 111 у г. Івацэвічы, ЦБП № 418 у г. Ашмяны, ЦБП № 207 у г. Гарадку.
У намінацыі «Лепшы ў развіцці карпаратыўнага бізнесу» пераможцамі сталі філіял № 620 у г. Нясвіжы, ЦБП № 424 у г. Шчучыне, ЦБП № 115 у г. Камянцы.
У намінацыі «Лепшы ў развіцці рознічнага бізнесу» перамаглі філіял № 317 у г. Мазыры, ЦБП № 524 у г. Мінску, ЦБП № 222 у г. Чашнікі.
Акрамя таго, узнагароды атрымалі лепшыя аддзяленні.
На фота: (злева – направа) Іван Гоман, начальнік філіяла № 400 – Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», Аляксандр Паліўка, выконваючы абавязкі старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк»
На фота: (злева – направа) Марына Лянчэўская, начальнік сакратарыята ААТ «ААБ Беларусбанк», Аляксандр Паліўка, выконваючы абавязкі старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк»
За значны ўклад у развіццё банка рад работнікаў уганараваны звання «Выдатнік ААТ "ААБ Беларусбанк"». За плённую дзейнасць імёны пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва будуць занесены на Рэспубліканскую Дошку Гонару ААТ «ААБ Беларусбанк». Высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў, якія паспяхова праявілі сябе, адзначаны Ганаровымі граматамі і падзякамі ААТ «ААБ Беларусбанк».
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»