Навіны банка і прэс-рэлізы
30.09.2016

«Беларусбанк» падпісаў важныя дакументы з кітайскімі партнёрамі

Шэраг знакавых дакументаў з кітайскімі партнёрамі падпісаў Старшыня Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык. Падпісанне адбылося ў Пекіне, дзе кіраўнік знаходзіўся ў складзе ўрадавай дэлегацыі ў рамках візіта Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Кітайскую Народную Рэспубліку.

«Беларусбанк» і Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь падпісалі з CITIC CONSTRUCTION Co., Ltd. пагадненне аб узаемадзеянні па стварэнні беларуска-кітайскага інвестыцыйнага фонду. Такім чынам, створана аснова для заснавання ў нашай краіне дэбютнай структуры, надзеленай функцыямі мабільнага ўніверсальнага інвестыцыйнага фонду, адкрытага для прытоку капіталу не толькі з Кітая і Беларусі, але і іншых краін. Фонд зможа самастойна вызначаць аб’екты для фінансавання, не абмяжоўваючыся праектамі, якія рэалізуюцца Кітаем на тэрыторыі Беларусі. Доля ўдзелу «Беларусбанка» - 40%.

Пацвярджэннем дасягнутага высокага ўзроўню ўзаемаадносін з Дзяржаўным банкам развіцця Кітая стала падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні. Дакумент выказвае намеры кітайскага банка выдзеліць «Беларусбанку» 100 млн долараў ЗША рэсурсаў з 300-мільённай крэдытнай лініі, адкрытай у рамках Генеральнага крэдытнага пагаднення ад 2015 года. Бокам па Мемарандуме таксама выступіла Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. Крэдыт тэрмінам на тры гады будзе накіраваны на фінансаванне бягучай дзейнасці «Беларусбанка».

Як працяг ужо дасягнутых у чэрвені бягучага года дамоўленасцяў «Беларусбанк» і Дзяржаўны банк развіцця Кітая замацавалі свае намеры аб фінансаванні інвестыцыйнага праекта ЗТАА «Слаўкалій» у Пагадненні аб выбарцы крэдытных сродкаў.

У «Беларусбанку» ацэньваюць падпісаныя дакументы як гістарычна значныя для банка і краіны.

 

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»

 

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!