Дасягнутыя вынікі, эфектыўнасць і перспектывы развіцця рознічных паслуг і IT-інавацый у банку сталі лейтматывам выязнога пасяджэння Праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк».
«Банкаўскі рытэйл – прадукты, паслугі, прасоўванне дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання апрыёры – адзін з самых складаных напрамкаў дзейнасці, паколькі мае на мэце работу з людзьмі, вызначае твар банка. Тэхналогіі, кампетэнтнасць персанала, адказнае стаўленне да службовых абавязкаў, культура абслугоўвання, дыпламатычнасць зносін – усё гэта стварае атмасферу, калі патрабавальнаму кліенту, у якога ёсць дастатковая колькасць альтэрнатыўных варыянтаў, хочацца зрабіць свой выбар выключна на карысць «Беларусбанка», – адзначыла дырэктар дэпартамента рознічнага бізнесу Іна Русаковіч.
Падтрыманню станоўчага іміджа банка садзейнічае стандартызацыя структурных падраздзяленняў, патрабаванні да фронт-офіса «Беларусбанка», культура і прафесіяналізм супрацоўнікаў, а таксама сучасныя тэхналогіі.
Абноўлены філіял №700 – Магілёўскае абласное ўпраўленне ў рэальнасці прадставіў як павінен выглядаць банк сёння. Ён аформлены ў адпаведнасці з новымі рэкламнымі стандартамі, але галоўны прынцып змяненняў – інавацыі ва ўсім.
«Абслугоўванне кліентаў банка з выкарыстаннем IT-тэхналогій пачынаецца з рэсэпшна. У холе аддзялення банка арганізавана зона доступу Wi-Fi, працоўнае месца кансультанта асначана планшэтным камп’ютарам з доступам у Інтэрнэт, які дазваляе свабодна перамяшчацца і кансультаваць кліентаў у любой кропцы офіса», – расказаў начальнік філіяла-ўпраўлення Віктар Ананіч.
У кантэксце прасоўвання дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання прадэманстравана адпаведнае абсталяванне – валютна-абменны тэрмінал і дэпазітныя машыны, якія дазваляюць кліентам самастойна праводзіць цэлы шэраг аперацый, ад абмену валюты, да залічэння выручкі на разліковы рахунак.
У аддзяленні рэалізавана новая форма падачы інфармацыі кліентам у зоне чакання (раней яна размяшчалася на шматлікіх стэндах) – даведачна-інфармацыйны тэрмінал або тачскрын, які напоўнены максімальна поўнай і выразна структураванай інфармацыяй аб рабоце «Беларусбанка». Функцыянал тачскрына істотна пашыраны: цяпер з яго дапамогай кліенты могуць атрымаць інфармацыю аб кіраўніцтве банка, графіках прыёму грамадзян, вывучыць навігацыю па будынку і звесткі аб ступені надзейнасці банка.
«Сённня мы тэсціруем сэрвіс для дзяцей ва ўзросце ад 5 да 14 гадоў, якія прыйшлі ў банк з бацькамі. Гэта дзіцячы тачскрын, які напоўнены развіваючымі гульнямі рознай ступені складанасці на логіку, назіральнасць, хуткасць рэакцыі. Будучыя кліенты банка могуць пафантазіраваць і намаляваць, напрыклад, банк будучыні або пачытаць «Грашовую азбуку», – дадаў Віктар Ананіч.
Размешчаны ў філіяле-ўпраўленні даведачны тэрмінал арыентаваны на даныя аб прадуктах і паслугах банка, як для фізічных асоб, так і для карпаратыўных кліентаў і мае блок з інфармацыяй аб рабоце даччыных прадпрыемстваў. У форме геаграфічнай карты на экран выведзена інфармацыя аб інфраструктуры «Беларусбанка» ў Магілёве і Магілёўскай вобласці – банкаматы, інфакіёскі, аддзяленні, з пазначэннем адраса, рэжыму працы і кантактнага тэлефона.