ААТ «ААБ Беларусбанк» прыняло актыўны ўдзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
«Для нашага банка сацыяльная адказнасць – не пустыя словы, а шматлікія добрыя справы, у якіх удзельнічаюць практычна ўсе, ад кіраўніцтва да радавых супрацоўнікаў. Гэта вельмі пазітыўна адбіваецца на карпаратыўнасці, – гаворыць начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця Дзмітрый Бакіноўскі. – Сацыяльныя праекты мы рэалізуем па пяці напрамках. Але ў зімовыя святы – Нараджэнне Хрыстова і Новы год – акцэнт робіцца на дзецях. Бо яны вераць у казку і чакаюць цудаў. І перш за ўсё, хочацца падарыць свята дзецям, якім не хапае ўвагі і цяпла, тым, хто застаўся без апекі бацькоў».
Супрацоўнікі «Беларусбанка» збіралі ўласныя сродкі для выхаванцаў сацыяльных прытулкаў, дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных сем’яў. У віншаванні з каляднымі і навагоднімі святамі актыўнасць праявілі і грамадскія арганізацыі банка – прафсаюзы, маладзёжная, жаночая, ветэранская арганізацыі, пярвічка аб’яднання «Белая Русь».
Усяго за час дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» падарункі ад «Беларусбанка» атрымала 235 устаноў, дзе выхоўваюцца 9 276 дзяцей.
«У ліку нашых «падапечных» – Бягомльская дапаможная школа-інтэрнат і Друйскі дзіцячы дом. Мы стараемся зрабіць усё, каб у дзетак, якія воляй лёсу апынуліся там, было адчуванне бацькоўскага, а не казённага дома, – адзначыў Дзмітрый Бакіноўскі. – Трэба сказаць, што і ўсе, хто сустракаўся з рабятамі, таксама мелі дзіўныя пачуцці: здзейснена добрая справа, камусьці стала цяплей, ты дапамог ажыццявіць нейчае маленькае жаданне. Гэта выдатна!»
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»