«Беларусбанк» актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
На працягу месяца, пачынаючы з 14 снежня, супрацоўнікі банка наведаюць больш за 200 падшэфных устаноў і сем’яў, каб перадаць святочныя падарункі. Гэта бытавая тэхніка, тэлевізары, наборы канфет, якія набыты на сабраныя калектывам дабрачынныя сродкі.
У прыватнасці, працоўны калектыў цэнтральнага апарата мае шэфства над Бягомльскай дапаможнай школай-інтэрнатам і сталічнай дапаможнай школай-інтэрнатам №7.
Уручаючы падарункі выхаванцам Бягомльскай школы-інтэрната, намеснік старшыні праўлення Уладзімір Занько адзначыў, што ўдзел «Беларусбанка» ў навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стаў ужо добрай традыцыяй.
«З 2007 года мы прыязджаем да пакрыўджаных лёсам дзетак, каб хоць крыху зрабіць іх жыццё лепш. Калі бачыш іх усмешкі і вочы, якія свецяцца радасцю, разумееш, наколькі гэта важна для іх, - падзяліўся Уладзімір Занько. - Наша ідэалогія была і застанецца нязменнай - сацыяльная адказнасць».
Кіраўнік запэўніў, што клопат і ўвагу ад супрацоўнікаў банка атрымліваюць дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы сацыяльных прытулкаў, дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама дзеці-інваліды, шматдзетныя сем’і.
Асаблівы акцэнт будзе зроблены і ў дачыненні найважнейшай сацыяльнай праграмы банка «Бацькоўскі кут». Падарункі атрымаюць усе 14 шматдзетных сем’яў, катэджы для якіх пабудаваў «Беларусбанк»
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»