Навіны банка і прэс-рэлізы
06.02.2015

«Беларусбанк» узмацняе ўсходні вектар міжнароднага бізнесу (прэс-рэліз)

Дэлегацыя ААТ «ААБ Беларусбанк» прыняла ўдзел у семінары Міжбанкаўскага аб’яднання Шанхайскай Арганізацыі супрацоўніцтва (МБА ШАС) «Будаўніцтва эканамічнага пояса Шаўковага шляху: фінансаванне і планаванне». Семінар адбыўся ў горадзе Санья (Кітайская Народная Рэспубліка) і ўяўляў сабой пляцоўку для стасункаў без гальштукаў і ўсталявання дзелавых кантактаў.

Дзейнасць гэтай уплывовай міжнароднай міжбанкаўскай структуры ў цэлым накіравана на развіццё фінансавага партнёрства з усімі рэгіёнамі, зацікаўленымі ў нарошчванні супрацоўніцтва з краінамі – членамі ШАС.

У склад аб’яднання ўваходзяць вядучыя фінансавыя інстытуты, рэкамендаваныя Урадамі кожнай з краін-удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: Банк развіцця Казахстана, Дзяржаўны банк развіцця Кітая, Знешэканамбанк Расіі, Нацыянальны банк Таджыкістана, Нацыянальны банк знешнеэканамічнай дзейнасці Узбекістана і Разлікова-ашчадная кампанія Кыргызстана. 5 чэрвеня 2012 года на адбыўшымся ў Пекіне пасяджэнні Міжбанкаўскага аб’яднання Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў яго склад быў прыняты «Беларусбанк» са статусам «банка-партнёра».

ААТ «ААБ Беларусбанк» канстатуе вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў рамках МБА ШАС. На семінары былі разгледжаны новыя магчымыя схемы далейшага ўзаемадзеяння з усімі банкамі-ўдзельнікамі гэтай банкаўскай супольнасці.

Кітайскі вектар – адзін з самых перспектыўных напрамкаў міжнароднага бізнесу «Беларусбанка». У яго інвестыцыйным партфелі – звязаныя крэдыты ад банкаў КНР на агульную суму 2,3 млрд. долараў ЗША, па якіх банк выступае агентам, плюс 150 млн. долараў ЗША прамых крэдытаў, па якіх банк выступае пазычальнікам.

Падчас візіту ў КНР адбыўся тасама рад рабочых сустрэч і дзелавых перамоў. У ходзе двухбаковай сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам ДБРК Ван Юншэнам бакі абмяняліся інфармацыяй аб паказчыках дзейнасці. Дзяржаўным банкам развіцця Кітая ў Беларусі быў рэалізаваны шэраг інвестыцыйных праектаў у будаўнічай і энергетычнай галінах.

Сустрэчы ў Санья выявілі зацікаўленасць кітайскага боку ў пашырэнні супрацоўніцтва з «Беларусбанкам» у рамках МБА ШАС. У сваю чаргу, беларускі бок гатовы да пераходу да новых відаў міжбанкаўскага ўзаемадзеяння і ўмацавання ўсходняга вектара міжнароднага бізнесу.

 

Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»

 

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!