Навіны банка і прэс-рэлізы
27.01.2015

Магістарская праца супрацоўніка «Беларусбанка» прызнана лепшай (прэс-рэліз)

Магістарская праца галоўнага спецыяліста Цэнтра стратэгічнага развіцця і эканамічных даследаванняў Антона Васілеўскага «Гібрыдны метад ацэнкі кошту банкаў і яго прымяненне для аналізу эфектыўнасці продажаў беларускіх банкаў» заняла першае месца ў конкурсе навуковых прац па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў і магістрантаў вядучых эканамічных ВНУ краіны. Конкурс праводзіўся Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі.

На фота: дыплом пераможцу ўручае Сяргей Дубкоў, намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь

У гэтай працы былі апісаны і прааналізаваны працэсы куплі і продажу акцый банкаў на айчынным, а таксама на расійскім і ўкраінскім рынках. Асабліва актуальна вывучэнне рынкаў прылеглых краін з таго пункту гледжання, што Беларусь уваходзіць у ЕАЭС і ў далейшым будзе яшчэ больш цесна інтэгрыравацца з дзяржавамі-суседзямі.

Методыкі ацэнкі кошту банка могуць быць карыснымі з пункту гледжання банкаўскага холдынгу, асабліва ў выпадку набыцця айчынных або замежных банкаў, за кошт якіх можна павялічыць аб’ёмы банкаўскага бізнесу, палепшыць якасць бізнес-працэсаў, атрымаць новыя тэхналогіі і доступ на новыя рынкі. У такіх сітуацыях важна мець уяўленне аб тым, як ацэньваць набываемыя банкі.

Акрамя таго, як адзначана ў працы, прадстаўленыя падыходы могуць быць выкарыстаны не толькі для банкаў, але і для любых галіновых кампаній. Такія разлікі могуць быць карыснымі інвестарам, паколькі дазваляюць ацаніць рэальны кошт набываемых кампаній, а супастаўленне кошту бізнесу па роўных методыках ацэнкі дапамагае вызначыць яго моцныя і слабыя бакі.

Аўтар апісвае і сітуацыю ў еўрапейскім банкаўскім сектары. У 2013 - пачатку 2014 года еўрапейскія банкі характарызаваліся вельмі высокай доляй непрацуючых крэдытаў, і аналітыкі прадказвалі далейшае пагаршэнне сітуацыі. У нашай краіне гэты паказчык (NPL) істотна ніжэйшы. Гэта інфармацыя магла б быць цікавай інвестарам як аргумент, чаму варта інвесціраваць у наш банк.

У цэлым праца прысвечана ацэнцы кошту ўсіх беларускіх банкаў. У ёй можна знайсці шмат цікавага пра розныя банкі, іх эфэктыўнасць, спецыфіку дзейнасці.

Прэс- служба ААТ «ААБ Беларусбанк»

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!