ААТ «ААБ Беларусбанк» прыцягвае звязаны пакупніцкі крэдыт ад польскага Bank Gospodarstwa Krajowego для ААТ «Гродзенскі мясакамбінат». Сродкі будуць накіраваны на фінансаванне праекціравання, будаўніцтва і абсталявання цэха па вытворчасці сыравэнджаных вырабаў польскай кампаніяй Promar Przedsiębiorstwo Produkcyjno Handlowe Sp. z o.o. Сума здзелкі 10,6 мільёнаў еўра.
Рэалізацыя гэтага праекта створыць новыя вытворчыя магутнасці для прадпрыемства, што дазволіць павялічыць аб'ём і пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі.
На фота (злева направа): намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Уладзімір Новік і генеральны дырэктар ААТ «Гродзенскі мясакамбінат» Анатоль Грышук падпісваюць пагадненне аб супрацоўніцтве
Дзякуючы шматгадоваму вопыту работы Беларусбанка ў сферы праектнага фінансавання сумесна з вядучымі польскімі фінансавымі інстытутамі стала магчымым прыцягненне крэдытных рэсурсаў на выгадных умовах.
Даведка: ААТ "Гродзенскі мясакамбінат" працуе з 1972 года, традыцыйна з'яўляючыся адным з лідараў аграпрамысловага комплекса Рэспублікі Беларусь. Сфера дзейнасці: перапрацоўка мяса і субпрадуктаў, выпуск каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў. Магутнасці ААТ " Гродзенскі мясакамбінат " дазваляюць выпускаць каля 1,5 тысячы тон каўбасных вырабаў у месяц. На экспарт пастаўляецца каля 25% прадукцыі. Мясакамбінат вырабляе і прапануе сваім пакупнікам для рэалізацыі больш за 450 відаў мясной прадукцыі.
Прадпрыемства адпавядае ўсім беларускім і еўрапейскім стандартам і нормам, пастаянна павышаючы якасць выпускаемай прадукцыі. Падтрымлівае і развівае партнёрскія адносіны з беларускімі і замежнымі прадпрыемствамі. Сёння партнёрамі Гродзенскага мясакамбіната з'яўляюцца кампаніі з Польшчы, Аўстрыі, Латвіі, Літвы, Германіі, Францыі, Нідэрландаў, Расіі. Высокая якасць і выдатны густ прадукцыі Гродзенскага мясакамбіната пацвярджаюцца шматлікімі ўзнагародамі, заваяванымі кампаніяй на рэспубліканскіх і міжнародных выставах і конкурсах.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»