У Цэнтральным офісе ААТ «ААБ Беларусбанк» прайшлі перамовы кіраўніцтва банка са славацкімі дыпламатамі. Славацкі бок прадстаўлялі Часовы Павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Міраслаў Мойжыта і Саветнік пасольства Тыбар Бок. Ад Беларусбанка ў перамовах удзельнічалі старшыня праўлення Сяргей Пісарык і намеснік старшыні Аляксандр Паліўка. Тэмай перамоў стала пашырэнне супрацоўніцтва паміж суб'ектамі гаспадарання нашых краін, актывізацыя кантактаў у банкаўскім сектары, павелічэнне прамых замежных інвестыцый, падтрымка беларускага экспарту. Часовы Павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Міраслаў Мойжыта пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей Беларусбанка.
На фота: (злева направа) Часовы Павераны ў справах Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Міраслаў Мойжыта, старшыня праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Пісарык, намеснік старшыні праўлення ААТ «ААБ Беларусбанк» Аляксандр Паліўка, Саветнік пасольства Славацкай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Тыбар Бок
Даведка: Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь і Славацкая Рэспубліка ўстанавілі 14 студзеня 1993 года, аднак славацкі бок устрымліваўся ад актыўнага дыялогу з афіцыйным Мінскам. Прадстаўнікі беларускіх і славацкіх дзяржаўных структур кантактавалі выключна ў рамках міжнародных арганізацый - галоўным чынам Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы (ЦЕІ). Аснову беларускага экспарту ў Славакію складаюць нафтапрадукты (у 2008 годзе іх доля ў агульным аб'ёме беларускага экспарту наблізілася да 40%). Акрамя таго, Беларусь пастаўляе ў гэту краіну скручаны дрот з чорных металаў, прыборы і прылады, якія прымяняюцца ў медыцыне, калійныя ўгнаенні, дрот з нелегіраванай сталі, вырабы з чорных металаў, трактары, халадзільнікі. З Славакіі ў Беларусь паступаюць легкавыя аўтамабілі, часткі і прыналежнасці для аўтамабіляў і трактараў, пульты, панэлі, сталы для электраапаратуры, тэлевізары. Беларусь і Славакія таксама супрацоўнічаюць у галіне інвестыцый.
Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»