Практычныя аспекты ажыццяўлення знешнеэканамічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь абмяркоўваліся на семінары, які адбыўся 25 верасня 2013 г. у галаўным офісе ААТ «ААБ Беларусбанк». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ААТ «ААБ Беларусбанк», Прадстаўніцтва Нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь і Нямецка-Беларускі эканамічны клуб, Інфармацыйны цэнтр нямецкай эканомікі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх суб'ектаў гаспадарання і прадпрыемстваў з замежным капіталам.
Вітаючы ўдзельнікаў, старшыня праўлення Беларусбанка Сяргей Пісарык адзначыў, што на працягу больш чым дзесяці гадоў работы на еўрапейскім рынку Беларусбанк актыўна развіваў супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі і страхавымі кампаніямі, прыцягваючы ў нацыянальную эканоміку кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя замежныя рэсурсы. Далейшае развіццё ўзаемавыгадных адносін - гэта неад'емная састаўная частка стратэгіі міжнароднага бізнесу банка. Сяргей Пісарык асабліва адзначыў ролю ФРГ у развіцці беларуска-германскага крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва і назваў прыярытэтным супрацоўніцтва з нямецкімі банкамі. Дзесяць гадоў назад было адкрыта Прадстаўніцтва Беларусбанка ў Германіі.
"Для паспяховага развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці краіны банкам прыцягнута больш за 1 мільярд долараў ЗША, і мы маем намер надалей умацоўваць нашы пазіцыі", - падкрэсліў кіраўнік. У ліку рэалізаваных праектаў - мадэрнізацыя машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай, будаўнічай, нафтахімічнай галін.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Вольфрам Маас у сваім прывітальным слове адзначыў важнасць эканамічных адносін.
"Адкрыццё новых рынкаў для германскіх і беларускіх прадпрыемстваў - залог паспяховага развіцця нашых краін і дабрабыту іх грамадзян. Прадастаўленне крэдытаў Беларусі - наша гатоўнасць умацоўваць супрацоўніцтва", - падкрэсліў пасол.
Прадстаўнікі беларускіх суб'ектаў гаспадарання і прадпрыемстваў з замежным капіталам абмеркавалі інструменты фінансавання знешнеэканамічнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, магчымасці выкарыстання міжнароднага лізінгу, страхавання экспартна-імпартных аперацый, перавагі мытнага афармлення тавараў, якія ўвозяцца на тэрыторыю Адзінай эканамічнай прасторы, асаблівасці спагнання ПДВ.
З асобнымі прэзентацыямі на семінары выступілі прадстаўнікі ААТ «ААБ Беларусбанк», «Commerzbank AG», Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, Беларускага РУП экспартна-імпартнага страхавання «Белэксімгарант», ТАА «АСБ Лізінг» і іншыя ўдзельнікі.
Арганізатары семінара мяркуюць, што абмеркаванне механізмаў як беларускага экспарта, так і імпартных паставак, перш за ўсё - высокатэхналагічнага германскага абсталявання, будуць садзейнічаць іх далейшаму развіццю.
Семінар стаў першым мерапрыемствам у рамках правядзення Дзён нямецкай эканомікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Даведачна: ФРГ займае адно з вядучых месцаў сярод знешнегандлёвых партнёраў Рэспублікі Беларусь па аб'ёме таваразвароту. Так, па выніках 2012 года Германія заняла другое месца пасля Расіі. У 2012 годзе ў параўнанні з 2011 годам таваразварот з Германіяй павялічыўся на 2,9 працэнта да 4,47 млрд. долараў ЗША. У той час як у 2000-ым годзе гэты паказчык складаў каля мільярда долараў. Рэспубліка Беларусь з'яўляецца абсалютным лідарам сярод краін СНД па аб'ёмах устаноўленага Германіяй ліміту страхавых паручыцельстваў Ойлер-Гермес па экспартных крэдытах у разліку на душу насельніцтва.
За шэсць месяцаў 2013 года доля ААТ «ААБ Беларусбанк» у разліках з Германіяй склала 6,9 %, а ў абслугоўванні ўсяго знешнегандлёвага звароту Рэспублікі Беларусь доля банка склала 25%.