Архіў за 2013-2017 гг.
23.01.2017

«Беларусбанк» далучыўся да Глабальнага дагавору (прэс-рэліз)

«Беларусбанк» далучыўся да міжнароднай ініцыятывы ААН у галіне карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці «Глабальны дагавор».

global

«Гэта падзея стала заканамерным крокам пасля ўкаранення ў банку ў мінулым годзе Палітыкі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, — расказвае начальнік упраўлення інфармацыі і сацыяльнага развіцця Дзмітрый Бакіноўскі. — У канцы мінулага года пасля няпростай падрыхтоўчай работы мы накіравалі ад імя банка пісьмо ў адрас генеральнага сакратара ААН, пацвердзіўшы свае намеры прытрымлівацца 10 прынцыпаў  Глабальнага дагавору і весці адказны бізнес. І вось напярэдадні Нараджэння Хрыстова атрыманы адказ: цяпер наш банк у ліку 13 тысяч кампаній з больш чым 170 краін свету, якія падтрымліваюць ініцыятыву Глабальнага дагавору».

Сёння Глабальный дагавор — самая буйная добраахвотная ініцыятыва карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ў свеце. Сярод удзельнікаў не толькі найбуйнейшыя карпарацыі (Citi, UniCredit, Міжнародны інвестыцыйны банк, Знешэканамбанк, РЧ, Лукойл), але і тысячы невялікіх прадпрыемстваў. У Беларусі ініцыятыва дзейнічае з 2007 года. Да яе далучыліся такія айчынныя кампаніі, як БМЗ, МТБанк, МТС, Coca-Cola, Атлант-М, Пінскдрэў, Heineken і інш.

«Мы рады, што цяпер можам лічыць сябе часткай міжнароднай ініцыятывы, — дзеліцца эмоцыямі Дзмітрый Бакіноўскі. — Далучэнне да Глабальнага дагавору — выключна добраахвотнае рашэнне кампаніі. Але, з іншага боку, гэта пацвярджэнне таго, што будуючы свой бізнес, кампанія арыентуецца не толькі на атрыманне прыбытку і камерцыйны поспех, але і на сацыяльны дабрабыт, эканамічную стабільнасць сваёй дзяржавы ў цэлым. Сёння наш банк ужо рэалізуе шэраг буйных сацыяльных праектаў, у мінулым годзе мы адкрылі для сябе і будзем развіваць тэму карпаратыўнага валанцёрства».

Інфармацыя пра КСА ўвойдзе ў базу даных аб сацыяльных ініцыятывах беларускага бізнесу, знойдзе адлюстраванне ў штогадовым буклеце пра уклад прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі ў дасягненне Мэт Тысячагоддзя. А лепшыя праекты будуць прадстаўлены на міжнародны конкурс па гэтай тэматыцы. Улічваючы маштабы бізнесу і сацыяльнай адказнасці, у банка ёсць усе шансы апынуцца ў іх ліку.

«Далучэнне да Глабальнага дагавору — важны іміджавы крок: сёння бізнес усё часцей выбірае партнёраў, якія клапоцяцца не толькі і не столькі пра імгненны прыбытак, а нацэленых на доўгатэрміновае і ўстойлівае развіццё, клопат пра сваіх супрацоўнікаў і акаляючае наваколле, адным словам, якія цалкам падзяляюць прынцыпы глабальнай ініцыятывы ў галіне сацыяльнай адказнасці», — патлумачыў Дзмітрый Бакіноўскі

Чарговым лагічным крокам пасля далучэння да Глабальнага дагавору стане размяшчэнне банкам публічнай справаздачы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці. Першая будзе падрыхтавана па выніках 2016 года, а далей банк стане штогод  рабіць справаздачу аб дасягнутых выніках у галіне КСА.

 

Даведка:

Ключавымі прынцыпамі Глабальнага дагавору ААН з’яўляюцца:

Правы чалавека

Прынцып 1. Дзелавыя кругі павінны падтрымліваць і паважаць абарону абвешчаных на міжнародным узроўні правоў чалавека.

Прынцып 2. Дзелавыя кругі не павінны мець дачыненне да парушэнняў правоў чалавека.

Працоўныя адносіны

Прынцып 3. Дзелавыя кругі павінны падтрымліваць свабоду аб’яднання і рэальнае прызнанне права на заключэнне калектыўных дагавораў.

Прынцып 4. Дзелавыя кругі павінны выступаць за ліквідацыю ўсіх формаў прымусовай і абавязковай працы.

Прынцып 5. Дзелавыя кругі павінны выступаць за поўнае выкараненне дзіцячай працы.

Прынцып 6. Дзелавыя кругі павінны выступаць за ліквідацыю дыскрымінацыі ў сферы працы і занятасці.

Акаляючае наваколле

Прынцып 7. Дзелавыя кругі павінны падтрымліваць падыход да экалагічных пытанняў, заснаваны на прынцыпе засцярогі.

Прынцып 8. Дзелавыя кругі павінны прадпрымаць ініцыятывы, накіраваныя на пывышэнне адказнасці за стан акаляючага наваколля.

Прынцып 9. Дзелавыя кругі павінны садзейнічаць развіццю і распаўсюджванню экалагічна бяспечных тэхналогій.

Супрацьдзеянне карупцыі

Прынцып 10. Дзелавыя кругі павінны супрацьстаяць усім формам карупцыі, уключаючы вымаганне і хабарніцтва. 

 

 

image001Прэс-служба ААТ «ААБ Беларусбанк»