Махляры працягваюць знаходзіць вытанчаныя спосабы крадзяжу грошай у даверлівых грамадзян. Расказваем пра новую схему пад умоўнай назвай «токен».

Усё пачынаецца з прывычнага вішынгу, гэта значыць тэлефонных званкоў, падчас якіх аферысты іграюць пэўную ролю (як правіла, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, банкаў, тэлекамунікацыйных і мабільных аператараў) і вымушаюць людзей паведамляць свае персанальныя даныя, прадастаўляць інфармацыю аб банкаўскіх картах і рахунках або праводзіць з імі пэўныя аперацыі.
Тыя, хто тэлефануе, кажуць патэнцыяльным ахвярам, што ў дачыненні да іх нібыта здзяйсняюцца супрацьпраўныя дзеянні — афармляецца буйны крэдыт у банку або ажыццяўляецца перавод сродкаў на карысць экстрэмісцкіх арганізацый. Каб захаваць грошы, а таксама пазбегнуць крымінальнага праследавання, людзям прапануюць тэрмінова прыступіць да няўхільнага выканання ўказанняў. Калі ў кагосьці раптам узнікаюць сумненні, ці з сапраўднымі спецыялістамі ідзе размова, махляры могуць перавесці кантакты ў мэсэнджары і даслаць падробленыя пасведчанні ці нават «пацвердзіць» сваю асобу па відэазванку.

Выдаючы сябе за праваахоўнікаў, аферысты псіхалагічна націскаюць і запалохваюць: катэгарычна забараняюць расказваць пра тое, што адбываецца, сваякам або калегам, а таксама ісці ў міліцыю. Для большай пераканаўчасці часам патэнцыяльных ахвяр просяць даць распіску аб невыдаванні тайны следства і запэўніваюць, што ім можа пагражаць пакаранне нават у выглядзе крымінальнага заключэння, калі яны парушаць сваё маўчанне.
У ходзе вішынгу махляры пад рознымі зачэпкамі ўгаворваюць звярнуцца ў банк і папоўніць усімі наяўнымі сродкамі, якія толькі маюцца, ужо існуючы або нанава адкрыты рахунак, інакш грошы нібыта канфіскуюць падчас вобыску. Далей у ахвяр выведваюць рэквізіты картак, у тым ліку PIN-коды і коды бяспекі з SMS-паведамленняў. Зламыснікі робяць гэта рознымі хітрамудрымі спосабамі:
- просяць уключыць дэманстрацыю экрана або ўстанавіць праграму для абароны тэлефона, якая на самой справе ажыццяўляе аддалены доступ да ўстройства, а затым кажуць сфатаграфаваць картку;
- дасылаюць фальшывую спасылку на сайт дзяржаўнай установы (Следчага камітэта, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і іншых ведамстваў), дзе можна застрахаваць або нейкім чынам абараніць картку, увёўшы яе нумар;
- прапануюць самастойна заблакіраваць карту, звярнуўшыся нібыта ў канал кантакт-цэнтра Беларусбанка.

Звяртаем увагу: спецыялісты банка ніколі не ажыццяўляюць выклікі і тым больш не тэлефануюць у мэсэнджары з нумара 147. Калі вам паступіў званок ці прыйшло паведамленне з гэтага або нейкага падобнага нумара, а ў афармленні кантакта выкарыстоўваецца лагатып ці іншыя элементы фірменнага стылю банка, гэта адназначна махляры.
Далей зламыснікі пераходзяць да самой сутнасці схемы — ствараюць токен (лічбавы эквівалент банкаўскай карты), які з дапамогай саўдзелькаў, так званых дропаў, дадаюць у мабільнае ўстройства і такім чынам ажыццяўляюць аперацыі зняцця наяўных грошай у банкаматах Беларусі і за мяжой.
Каб абараніць кліентаў ад такой махлярскай схемы, з 4 жніўня 2025 года Беларусбанк увёў сутачныя абмежаванні па выдачы наяўных грошай у банкаматах з дапамогай токенаў: не больш за 600 рублёў з карт Клуба «Аксаміт» і не больш за 1000 рублёў з іншых карт банка. Аднак аферысты не здаюцца: пад рознымі падставамі яны пераконваюць кліентаў тэлефанаваць у сапраўдны Кантакт-цэнтр Беларусбанка на нумар 147 або звяртацца ў аддзяленні банка для адмены ўстаноўленых лімітаў.
Каб не стаць ахвярай падобнай схемы, памятайце, што супрацоўнікі банкаў, праваахоўных органаў і іншых сур’ёзных арганізацый не будуць:
- звязвацца ў мэсэнджарах (Telegrem, Viber, WhatsApp і іншых);
- дасылаць свае службовыя пасведчанні, прасіць устанавіць якія-небудзь дадаткі, уключыць дэманстрацыю экрана ўстройства або ажыццявіць відэазванок;
- прад’яўляць патрабаванні па афармленні крэдытаў, пераводаў грашовых сродкаў на «бяспечныя/абароненыя» рахункі, а таксама здзяйсненні любых іншых аперацый, звязаных з вашымі грашамі.
Будзьце пільныя! Беражыце свае грошы, не выдавайце персанальныя даныя і банкаўскія рэквізіты.