Навіны банка і прэс-рэлізы
17.06.2025

Запрашаем на дабрачынны начны забег у музеі пад адкрытым небам

1

Чацвёрты год запар Беларусбанк арганізоўвае ўнікальнае дабрачыннае мерапрыемства — начны забег па тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Мінулым летам спаборніцтвы адбыліся прама ў купальскую ноч, а на гэты раз запланаваны напярэдадні чароўнага народнага свята — з 5 на 6 ліпеня.

Ініцыятыва служыць справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны краіны: стартавыя ўзносы бегуноў накіроўваюцца на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы адзінага ў краіне скансена, гэта значыць музея пад адкрытым небам. Такая падтрымка асабліва актуальная ў Год добраўпарадкавання.

Забег сярод старадаўніх помнікаў драўлянага дойлідства — цэркваў, капліц, ветракоў, падворкаў і сядзіб — праводзіцца пры падтрымцы Федэрацыі прыгодніцкіх гонак. Сёлета ўдзельнікаў чакаюць як правераныя, так і новыя дыстанцыі:

  • «Музейная міля» — маляўнічы маршрут на 1,6 км па добраўпарадкаваных сцежках экспазіцыі музея;
  • эстафета на 5 км — забег для каманд з трох чалавек;
  • дзіцячы забег на 1 км — для самых юных атлетаў;
  • дарослыя забегі на 5 і 10 км — для аматараў і вопытных спартсменаў з элементамі трэйла (забега па перасечанай мясцовасці).

Дыстанцыі падрабязна прамаркіруюць. На маршрутах будуць працаваць фатографы. Для ўдзельнікаў арганізуюць перакусы і гарачыя напоі. Усе фінішоры атрымаюць памятны медаль.

Падаць заяўку для рэгістрацыі на начны музейны забег можна на сайце Федэрацыі прыгодніцкіх гонак arf.by.

Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы

Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!