Падчас майскіх святаў супрацоўнікі банка далучыліся да важнай экалагічнай ініцыятывы. Акцыя «Зялёныя скарбы Беларусi» прайшла па ўсёй краіне і аб’яднала тых, хто вырашыў унесці пасільны ўклад у захаванне прыроды роднага краю. Так, 1 мая прадстаўнікі Галаўнога офіса, Мінскага абласнога ўпраўлення № 500 і сталічных ЦБП адправіліся ў Цэнтральны батанічны сад – самы буйны ў Беларусі цэнтр аховы біяразнастайнасці жывых раслін.
– «Зялёныя скарбы Беларусi» – адзін з традыцыйных праектаў, партнёрам якога з’яўляецца грамадская арганізацыя «Белая Русь». Беларусбанк і Цэнтральны батанічны сад сталі супрацоўнічаць у 2017 годзе. З тых пор кожны год у Дзень Зямлі праводзяцца мерапрыемствы па азеляненні і прыбіранні месцаў росту рэдкіх раслін, садоў і паркаў, – расказаў начальнік упраўлення карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці ДКСАКіМ Павел Панеўскі. – У гэтым годзе мы вырашылі захаваць фармат, але змянілі дату правядзення. Сімвалічна, што Першамай тысячы валанцёраў сустрэлі стваральнай працай на карысць будучыні нашай краіны і планеты.

120 актывістаў з Мінска падзялілі на 5 працоўных груп, у кожнай з якіх быў свой фронт работ. Так, банкаўскія работнікі прыводзілі ў парадак ружы і вінаград, рыхлілі зямлю для пасадкі аднагадовых раслін і сачылі за ўнікальнымі жыхарамі беларускіх лясоў і балот, многія з якіх на жаль ужо не сустракаюцца ў дзікай прыродзе.

Яшчэ адной цікавай лакацыяй для працы стала плантацыя жэньшэня. Насенне лекавай расліны прывезлі з Прымор’я. Сёння госць з Далёкага Усходу толькі абжываецца ў беларускім клімаце, таму патрабуе асаблівай увагі і клопату.

Пасля суботніка супрацоўнікаў банка чакала займальная экскурсія па батанічным садзе. Валанцёры змаглі палюбавацца квітнеючымі дрэвамі і кустоўем, вялікай калекцыяй цюльпанаў, нарцысаў і гіяцынтаў.

Калектыў Віцебскага абласнога ўпраўлення № 200 правёў экалагічны суботнік у батанічным садзе медыцынскага ўніверсітэта. Пакуль жаночая палова працоўнага дэсанту прыводзіла ў парадак плот, мужчыны заняліся зямельным участкам. З улікам добрага надвор’я калегі папрацавалі не толькі на славу, але і дзеля задавальнення. Па традыцыі суботнік завяршыўся кубкам гарачай травяной гарбаты на свежым паветры.

Супрацоўнікі Магілёўскага абласнога ўпраўлення № 700 далучыліся да акцыі па прыбіранні месцаў росту рэдкіх раслін, батанічных садоў і паркаў. Мерапрыемства, прымеркаванае да Дня Зямлі, традыцыйна прайшло на тэрыторыі дэндрарыя аграбіялагічнай станцыі «Любуж». Сёння геастанцыя з’яўляецца сапраўднай прыроднай лабараторыяй. Гэта не толькі база для правядзення навучальных практык студэнтаў і летніх збораў, тут створана і функцыянуе экалагічная сцежка, развіваецца навучальнае пчалярства.

Падтрымалі акцыю «Зялёныя скарбы Беларусi» супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення № 300. Прадстаўнікі банка на працягу некалькіх гадзін добраўпарадкоўвалі тэрыторыю Цэнтра турызму і экалогіі дзяцей і моладзі: абкопвалі і рыхлілі расліны, прыбіралі зялёную зону. Пасля завяршэння суботніка для ўдзельнікаў акцыі правялі экскурсію.

Калегі з Гродзенскага абласнога ўпраўлення № 400 таксама далучыліся да экалагічных актыўнасцей. Месцам правядзення стаў рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры». Працоўны дэсант на чале з начальнікам упраўлення Аляксандрам Гуляваценка і яго намеснікам Яраславам Дзем’янюком добраўпарадкоўваў прыбярэжныя зоны, ствараючы ўмовы для камфортнага адпачынку і захавання экалагічнага балансу возера Белае.

Для Брэсцкага абласнога ўпраўлення № 100 стала добрай традыцыяй у разгар вясновых суботнікаў праводзіць мерапрыемствы на тэрыторыі аддзела «Аграбіялогія» Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Асаблівая ўвага – Алеі Міру. Яна высаджана работнікамі ў 2022 годзе да 77-годдзя Вялікай Перамогі нашага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і складаецца з 25 кустоў бэзу сартоў ваеннай тэматыкі.
Галоўная задача акцыі «Зялёныя скарбы Беларусi» – звярнуць увагу грамадства на праблемы навакольнага асяроддзя і падкрэсліць важнасць беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў.

Удзел у экалагічных ініцыятывах – важны складальнік ESG-філасофіі Беларусбанка. Ужо па шматгадовай традыцыі вясной калектыў банка прыводзіць у парадак месцы росту рэдкіх раслін, высаджвае алеі і азеляняе свае гарады. У скарбонку «зялёных» акцый нядаўна дадалося і аднаўленне лесу.