
Пачаты ў 2023 годзе сацыяльны праект «У школу з Беларусбанкам» працягвае маштабавацца. Чарговыя 6 сельскіх школ атрымалі сучасныя камфартабельныя транспартныя сродкі айчыннай вытворчасці, каб забяспечваць якасны падвоз дзяцей на заняткі.
З 2023 года гэта ўжо трэцяя перадача аўтобусаў у рамках праекта. Такім чынам, па краіне будуць калясіць ужо 18 жоўтых аўтобусаў і нагадваць дзецям і бацькам, што Беларусбанк побач не толькі ў забеспячэнні даступнасці фінансавых паслуг, але і дзякуючы такім сацыяльным ініцыятывам.
Школьныя аўтобусы выраблены на ААТ «МАЗ», і знешне, і па аснашчэнні яны адпавядаюць усім стандартам такога роду транспарту. Зроблена ўсё так, каб кожнае дзіця нават з самага аддаленага кутка Беларусі дабіралася ў школу з камфортам і з задавальненнем атрымлівала новыя веды.
У гэтым годзе банк вырашыў перадаць аўтобусы да пачатку летніх канікул, каб школам было прасцей арганізаваць дастаўку старшакласнікаў на тэсціраванне, а таксама адвезці дзяцей на экскурсіі і ў міні-падарожжа па Беларусі.


— Ужо трэці раз мы збіраемся з прыемнай нагоды: перадаць аўтобусы сельскім школам. Такім чынам, у Год добраўпарадкавання ўмацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу сельскіх школ, — адзначыў у прывітальным слове старшыня праўлення банка, намеснік старшыні пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Віктар Ананіч. — Як кіраўніку банка мне прыемна, што наша ініцыятыва знайшла водгук у партнёраў і разам з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі і Мінскага аўтамабільнага завода мы робім жыццё дзяцей больш камфортным. Ужо 18 аўтобусаў праекта «У школу з Беларусбанкам» будуць калясіць па дарогах краіны, каб своечасова і зручна дастаўляць дзяцей на заняткі, вазіць на гурткі і экскурсіі.
У цэлым я ганаруся тым, наколькі наш банк падтрымлівае сферу адукацыі. Тры з васьмі дабрачынных праектаў накіраваны на гэтыя мэты. Нядаўна разам з Андрэем Іванавічам Іванцом падпісалі пагадненне і запусцілі яшчэ адзін — «Шлях да прафесіі з Беларусбанкам» па стварэнні і падтрымцы сучасных цэнтраў кампетэнцый. Для нашага калектыву такія ініцыятывы — не проста важная місія. Гэта сацыяльныя інвестыцыі ў падрастаючае пакаленне, а значыць і ў будучыню краіны. Веру, што 6 мільёнаў нашых кліентаў цэняць, што мы побач не толькі ў плане забеспячэння даступнасці фінансавых паслуг, але і дзякуючы вось такім патрэбным праектам.

Важнасць аб’яднання ўсіх зацікаўленых з мэтай стварэння годных умоў выхавання будучых грамадзян краіны адзначыў Міністр адукацыі Андрэй Іванец:
— Наша агульная задача — стварыць неабходныя ўмовы для кожнага маладога чалавека ў атрыманні якаснай адукацыі. Безумоўна, дзеці, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, павінны мець такі ж доступ да якаснай адукацыі, як і дзеці, якія жывуць у горадзе. Кожны дзень 57 тысяч школьнікаў садзяцца ў школьныя аўтобусы і едуць у свае школы ў больш чым 7,5 тысячах населеных пунктаў. Новыя аўтобусы паедуць сёння ў кожную вобласць. І вельмі хацелася б, каб дзеці, якія будуць імі карыстацца, кожны дзень адчувалі цягу да ведаў. А мы будзем ствараць усе ўмовы, каб выхаваць сапраўднага грамадзяніна нашай краіны, — адзначыў Андрэй Іванец.





Школьныя аўтобусы, вырабленыя на ААТ «МАЗ», адпавядаюць усім стандартам якасці. У вучэбны час дзеці будуць ездзіць на іх на заняткі, а падчас летніх канікул змогуць наведваць розныя экскурсіі.
— Удзел у праекце для нас — ужо традыцыя. Збіраючы аўтобусы, нашы працаўнікі разумеюць, што яны прызначаны для маленькіх грамадзян. Таму ў кожнай машыне ёсць часцінка душы, яна зроблена з любоўю. Сёння я бачыў эмоцыі вадзіцеляў з устаноў адукацыі, але яшчэ больш хацелася б паглядзець, як заўтра адрэагуюць на аўтобусы школьнікі, — сказаў намеснік генеральнага дырэктара — дырэктар па арганізацыі эфектыўнага кіравання і ўзаемадзеяння даччыных кампаній холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» Генадзій Туміловіч.
Вядома, самыя яркія эмоцыі былі ў кіраўнікоў школ, якім старшыня праўлення банка ўрачыста ўручыў ключы.






У гэтым годзе аўтобусы паедуць у наступныя шэсць школ (па адной у кожнай вобласці):
- «Крытышынская сярэдняя школа імя П.М.Машэрава» (Брэсцкая вобласць, Іванаўскі раён);
- «СШ №1 г. Докшыцы» (Віцебская вобласць);
- Стрэшынская СШ Жлобінскага раёна (Гомельская вобласць);
- «Падольская базавая школа» (Гродзенская вобласць, Астравецкі раён)
- «Вялічкавіцкая сярэдняя школа Салігорскага раёна» (Мінская вобласць)
- «Гіжэнская сярэдняя школа» (Магілёўская вобласць, Слаўгарадскі раён).

— Сёння ў нас 541 навучэнец. Нягледзячы на тое, што школа гарадская, каля 30% дзяцей маюць патрэбу ў падвозе з сельскай мясцовасці, — расказаў дырэктар сярэдняй школы № 1 г. Докшыцы Іван Шкелка. — Таму, вядома, падарунак вельмі добры, мы яго чакалі. Вялікі дзякуй прадстаўнікам Беларусбанка і ААТ «МАЗ» за такую дапамогу. Мы зможам на больш якасным узроўні забяспечыць адукацыйны працэс, а напярэдадні летніх канікул яшчэ і арганізаваць вольны час навучэнцаў.
Не хавала эмоцый і Святлана Доўнар, дырэктар Вялічкаўскай сярэдняй школы Салігорскага раёна:
— Гэта свята для нашых дзяцей. На самой справе новы аўтобус — гэта новыя магчымасці, каб рэалізаваць задуманыя ідэі, наведаць гістарычныя месцы нашай цудоўнай Беларусі.
Пра патрэбу ў новым транспартным сродку расказаў і дырэктар Падольскай базавай школы Астравецкага раёна Іван Сухарэўскі:
— Мы падвозім дзяцей з 6 населеных пунктаў, у тым ліку маленькіх, таму што ў нас у школе ёсць дзіцячы садок. Няма слоў, каб выказаць падзяку і Беларусбанку, і ўсім людзям, якія спрыялі атрыманню гэтых транспартных сродкаў. Вельмі ўдзячны і нашы дзеці, і іх бацькі!
— Наша школа невялікая — 62 чалавекі. З іх 42 падвозяцца з 5 населеных пунктаў, якія размешчаны на даволі далёкай адлегласці, таму падарунак вельмі дарэчы, — удакладніў Аляксандр Сцяпанаў, дырэктар Гіжэнскай сярэдняй школы Слаўгарадскага раёна. — Дзякую Беларусбанку і ўсім, хто мае дачыненне да гэтай высакароднай справы.
Такія падарункі — не проста свята, упэўнена дырэктар Стрэшынскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна Таццяна Дзенісюк:
— Гэты аўтобус — бяспечнае і здаровае дзяцінства для нашых дзяцей. Дзеці змогуць спакойна дабірацца ва ўстановы адукацыі. У нас невялікая школа —138 хлопчыкаў і дзяўчынак, 23 чалавекі на падвозе. Дзякуй Беларусбанку за праект і падарунак.







Ужо заўтра аўтобусы выйдуць на маршруты і давязуць у цяпле, бяспецы і камфорце дзяцей з сельскай мясцовасці яшчэ да 6 школ.
Нагадаем, усяго банк рэалізуе 8 сацыяльных праектаў. Тры з іх («Мост у будучыню», «Шлях да прафесіі з Беларусбанкам» і «У школу з Беларусбанкам») так ці інакш звязаны з аказаннем садзейнічання сферы адукацыі. Толькі за 5 гадоў банк накіраваў на яе падтрымку больш за 3 мільёны рублёў.
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы
Жадаеце заўсёды быць у курсе апошніх навін? Падпішыцеся!