Адпаведнае пагадненне напярэдадні падпісалі старшыня праўлення банка Віктар Ананіч і міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Дзякуючы яму будзе абноўлены парк медыцынскіх аўтамабіляў устаноў аховы здароўя, якія працуюць у сельскай мясцовасці і невялікіх населеных пунктах.
«Па аналогіі з ініцыятывай па набыцці аўтобусаў для падвозу дзяцей да сельскіх школ, будзем забяспечваць сельскія бальніцы сучаснымі аўтамабілямі меддапамогі айчыннай вытворчасці. Такім чынам мы паклапоцімся не толькі пра пацыентаў, але і пра людзей адной з самых высакародных і адказных прафесій – нашых урачоў. А таксама ўнясём уклад у павышэнне якасці жыцця ў рэгіёнах, якое немагчыма без даступнай і тэхналагічнай меддапамогі», — адзначыў Віктар Ананіч.
Банк акажа спонсарскую дапамогу ўстановам для набыцця аўтамабіляў медыцынскай дапамогі вытворчасці «МАЗ-Купава». У 2025 годзе будуць набыты 12 аўтамабіляў (па 2 у кожную вобласць).
Для банка праект стане сёмым у партфелі сацыяльных ініцыятыў. Сімвалічна, што пачынаецца ён у Год добраўпарадкавання і ў працяг пяцігодкі якасці.
Беларусбанк падтрымлівае сферу аховы здароўя на працягу больш чым 10 гадоў дзякуючы яшчэ аднаму сацыяльнаму праекту «Вектар дабрыні». За гэтыя гады ў рамках праекта рэанімабілі і карэты хуткай дапамогі з’явіліся ў аўтапарках устаноў аховы здароўя Брэста, Пінска, Баранавіч, Полацка, Гродна, Астраўца, Салігорска, Бабруйска і Магілёва, таксама было набыта тэхналагічнае абсталяванне і палепшана матэрыяльна-тэхнічная база многіх бальніц і паліклінік. На гэтыя мэты за дзесяцігоддзе накіравана больш за 4 мільёны рублёў.
«Падобныя ініцыятывы — гэта таксама ўклад ва ўстойлівае развіццё рэгіёнаў», — падкрэсліў В.Ананіч, разам з кіраўніком профільнага ведамства тэсціруючы аўтамабіль, аналагі якога ў хуткім часе сыдуць з канвеера і адправяцца дапамагаць медыкам і іх пацыентам.
Даведка
На працягу шэрагу гадоў банк рэалізуе наступныя сацыяльныя ініцыятывы:
- «Пераможам разам», падтрымка спорту высокіх дасягненняў;
- «Вектар дабрыні», падтрымка ўстаноў аховы здароўя;
- «Мост у будучыню», падтрымка ўстаноў адукацыі і навукі;
- «Прастора натхнення», падтрымка ўстаноў культуры;
- «Бацькоўскі кут», будаўніцтва/набыццё катэджаў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, іх уладкаванне і суправаджэнне. У цяперашні час па ўсёй краіне функцыянуе 17 такіх дамоў;
- «У школу з Беларусбанкам» (з 2023 года), набыццё для сельскіх школ рэспублікі транспартных сродкаў вытворчасці ААТ «МАЗ» для падвозу дзяцей да ўстановы адукацыі. Ужо 12 школ (па дзве ў кожнай вобласці атрымалі такія аўтобусы).
Упраўленне камунікацый, маркетынгу і рэкламы